Пошук

28.04.2022 13:36   Паводле: kmc.media / Фота: АрміяInform / Catholic.by

З пачатку інтэнісўных ваенных дзеянняў ва Украіне вернікі каталіцкай парафіі святога Мікалая ў Кіеве стварылі валанцёрскі асяродак, які з цягам часу ператварыўся ў цэнтр.

Падчас бамбардаванняў горада многія жыхары былі вымушаны пакінуць свае дамы і хавацца ў метро. Там яны доўгі час заставаліся без самага неабходнага і проста ляжалі на падлозе. Каб хоць неяк ім дапамагчы, парафія звярнулася да сяброў і атрымала падтрымку з усяго свету.

Пра тое, як украінскія католікі падчас вайны дзейнічаюць на «сацыяльным і духоўным фронце», распавядае пробашч кіеўскай парафіі святога Мікалая ксёндз Паўло Вышкоўскі з законніцкай супольнасці місіянераў аблатаў Марыі Беззаганнай.

У інтэрв’ю, апублікаваным 28 красавіка на партале Каталіцкага медыя-цэнтра Канферэнцыі Рыма-каталіцкіх біскупаў Украіны kmc.media, святар паведаміў, што, паводле апошняй інфармацыі ад Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas-Spes, была атрымана і размеркавана сярод патрабуючых гуманітарная дапамога агульнай вагой амаль 250 тыс. тон.

Ксёндз Паўло Вышкоўскі ОМІ

«Дапамогу збіраюць у шматлікіх парафіях у Польшчы. Таксама гэта Іспанія, Францыя, Італія, Канада… Увесь свет аб’яднаўся, — адзначае ксёндз Вышкоўскі. — Наша парафія ўласнаручна разгрузіла і перадала 250 тон гэтай дапамогі. Мы раздаем яе паўсюль, перадаем тым, каму яна найбольш патрэбна.

Цяпер мы адпраўляем на Харкаў, на Барадзянку, на Бучу. Вельмі важны кірунак для нас Чарнігаўшчына. Гэта не толькі горад Чарнігаў, але гарады і вёскі Чарнігаўшчыны, населеныя пункты, якія былі нядаўна вызвалены нашымі войскамі і куды ідуць нашыя парафіяне з дапамогай.

Для нас гэта пакліканне, для нас гэта місія», — падкрэсліў пробашч.

«У нашай парафіі каля 20-і валанцёраў, большасць з іх гэта нашыя парафіяне, але ёсць таксама некалькі праваслаўных і пратэстантаў. Калі людзі, якія жывуць побач, убачылі, што ў святыні працуюць валанцёры, то далучыліся да іх і прыходзяць ужо амаль два месяцы, каб кожны дзень складаць, адпраўляць пасылкі тым, хто ў патрэбе.

Дапамога ідзе вайскоўцам, інвалідам, якія засталіся адны. Учора мы адправілі дапамогу дзецям-інвалідам (паралізаваным), якія цяпер апынуліся ў цяжкім становішчы.

Вось, гэта наш сацыяльны фронт», — дадае святар.

«Папа Францішак асабіста перадаў некалькі аўтамабіляў хуткай дапамогі украінскім бальніцам. Наша законніцкая супольнасць Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай перадала дзве машыны хуткай дапамогі, а таксама шмат медыкаментаў для параненых.

Акрамя таго, Касцёл мае духоўны фронт, які таксама важны, а гэта малітва на ружанцы.

Штодзённа мы збіраем у святыні нямала людзей, і штодзённа тыя, хто не можа ваяваць, далучаюцца да малітвы. Мы пяць разоў на дзень молімся за нашу Бацькаўшчыну. <…>

У нас ёсць ініцыятыва. Кожны парафіянін у касцёле мае імя жаўнера і ён няспынна моліцца за яго, каб Бог яго захаваў, каб ён вярнуўся жывым да сваёй сям’і», — распавёў ксёндз Паўло Вышкоўскі ОМІ.

 

Абноўлена 28.04.2022 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа