У Рым былі эвакуяваныя апошнія місіянеры, якія на працягу мінулых гадоў неслі служэнне ў Афганістане.
Як паведаміла 26 жніўня Польская рэдакцыя парталу Vatican News, гаворка ідзе пра італьянскага ксяндза Джаванні Скалезэ, кіраўніка Каталіцкай місіі sui iuris у Афганістане, а таксама пра пяцёх законніц. Разам з імі эвакуявалі 18 дзяцей-інвалідаў, якімі апекаваліся сёстры.
«Яны былі насеннем міласэрнасці на афганскай зямлі», — сказаў Ватыканскаму радыё ксёндз Матэо Санавіё, які прывітаў місіянераў у рымскім аэрапорце Ф’юмічына. Святар падкрэсліў, што эвакуацыя была складанай, паколькі большасць дзяцей, якімі сёстры апекаваліся ў адзіным у краіне цэнтры для інвалідаў, перасоўваецца на інвалідных калясках, а некаторых даводзілася несці на насілках. З Афганістана вярнуліся чатыры Місіянеркі любові і сястра, якая працавала ў цэнтры для дзяцей-інвалідаў.
«Місіянеры згадзіліся на эвакуацыю, але лічаць, што неўзабаве зноў змогуць вярнуцца ў Афганістан, бо там існуе вялізная патрэба, — сказаў ксёндз Санавіё. — Відавочна, што становішча Касцёла ў Афганістане цяпер павінна быць перагледжана і пераасэнсавана. Гэта заданне Святога Пасаду, які прысутнічаў у краіне дзякуючы святару, які жыў на тэрыторыі італьянскага пасольства і займаўся душпастырскай апекай мясцовай супольнасці католікаў. У пасольстве была таксама адзіная на ўвесь Кабул капліца.
Так працягвалася з 20-х гадоў мінулага стагоддзя, і заўсёды ў гэты час у сталіцы прысутнічаў нейкі святар. Драматычныя падзеі апошніх дзён перарвалі гэтую прысутнасць.
Аднак належыць памятаць, што Афганістан заўсёды быў канфесійнай дзяржавай, у якой дамінуе іслам, а прысутнасць каталіцкіх святароў і законніц была напалову падпольнай і вельмі незаўважнай. Яны не маглі публічна евангелізаваць, а маглі толькі весці сціплую дзейнасць, звязаную з такімі выклікамі, як ахова здароўя, адукацыя, дабрачыннасць, якой да апошняга займаліся Місіянеркі любові», — сказаў Ватыканскаму радыё ксёндз Санавіё.
Святар дадаў, што раней з Афганістана ўжо ўдалося вывезці шмат сем’яў, якія ў апошнія гады супрацоўнічалі з місіянерамі. «Мы арганізуемся і маем намер скіраваць гэтае супрацоўніцтва на карысць афганцам, якія атрымалі прытулак у Італіі.
Такім чынам, наша місія працягваецца, хоць часова не ў Кабуле», — падкрэсліў ксёндз Матэо Санавіё.