Пошук

19.08.2021 13:04   Паводле: «Катология» / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота wikimedia.org

У апошнія дні ў СМІ шырока асвятляюцца падзеі, якія цяпер адбываюцца ў Афганістане.

З дапамогай праекту «Катология» ў сацыяльнай сетцы Вк распавядаем, як з’явіліся і ў якіх умовах жывуць хрысціяне ў гэтай мусульманскай краіне.

У жніўні баевікі тэрарыстычнага руху «Талібан» узялі пад кантроль усю тэрыторыю Афганістана. Пасля захопу ўлады талібы абвясцілі, што маюць намер ператварыць краіну ў «ісламскі эмірат», які будзе жыць па законах шарыяту. Многія краіны правялі эвакуацыю сваіх пасольстваў і грамадзянаў, але разам з імі Афганістан спрабуюць пакінуць і тыя, хто супрацоўнічаў з заходнімі арганізацыямі на працягу апошніх 20-і гадоў.

Эксперты прагназуюць пагаршэнне ва ўсіх сферах жыцця краіны, але асабліва цяжкімі наступствы захопу ўлады талібамі могуць стаць для жанчын і немусульманскіх вернікаў, сярод якіх і раней найбольш пакутвалі хрысціяне.

Ніжэй пададзены 10 фактаў пра веруючых у Хрыста, якія жывуць у Афганістане.

  1. Па выніках шэрагу доследаў, да цяперашняга часу ў Афганістане жыло каля 30 тыс. хрысціянаў, якія складалі менш за 0,1 % насельніцтва гэтай краіны. Большасць афганскіх хрысціянаў — гэта замежнікі, якія пастаянна жывуць у краіне. Сярод іх найбольш пратэстантаў. Па некаторых звестках, тут налічываецца таксама каля 200 католікаў (не лічачы вайскоўцаў з іншых краін).
  2. Па Канстытуцыі Афганістан з’яўляецца ісламскай рэспублікай. Любыя выразы веры, акрамя ісламу, лічацца недапушчальнымі і пераследуюцца. Афіцыйна ў гэтай мусульманскай дзяржаве наогул няма хрысціянаў з мясцовага насельніцтва (гл. пункт 10), а тыя, якія ёсць — гэта прадстаўнікі міжнародных вайсковых, дыпламатычных і некамерцыйных арганізацый. Пераход у іншую веру з ісламу расцэньваецца як здрада і караецца ажно да смяротнага пакарання. Менавіта таму немагчыма вызначыць дакладную лічбу хрысціянаў з карэнных афганцаў, паколькі яны вымушаны хавацца з-за страху пераследу і не могуць адкрыта практыкаваць сваю веру. Некаторыя крыніцы ацэньваюць колькасць «падпольных» хрысціянаў у лічбе каля 8 тыс. чалавек мусульманскага паходжання.
  3. па выніках доследаў міжнароднай дабрачыннай хрысціянскай арганізацыі Open Doors за 2020 год, Афганістан займае другое месца ў свеце пасля Паўночнай Карэі, дзе найцяжэй быць хрысціянінам. Хрысціяне церпяць ад уціску і дыскрымінацыі. Людзей, якія вераць у Хрыста, і нават тых, хто проста цікавіцца хрысціянствам, могуць звольніць з працы, пазбавіць маёмасці, кінуць у вязніцу ці прымусова скіраваць у псіхіятрычны шпіталь, катаваць і нават забіць. Былі зафіксаваныя выпадкі нападаў, выкрадання і забойства хрысціянаў з ліку супрацоўнікаў замежных арганізацый.
  4. Хрысціянства ў Афганістане мае даўнюю гісторыю. Паводле Дзеяў Апосталаў (гл. Дз 2, 9), этнічныя габрэі і празеліты (тыя, хто прыняў юдаізм) з Парфянскай імперыі, якая ўключала ў сябе часткі заходняга Афганістана, прысутнічалі на Пяцідзясятніцы ў Ерузалеме. У адпаведнасці з гісторыяй Касцёла Эўзэбія, апосталы Тамаш і Барталамей былі прызначаны на пропаведзь у Парфію. Гісторыя, заснаваная на апакрыфічным «Евангеллі паводле Тамаша» і іншых старажытных дакументах, кажа, што святы Тамаш абвяшчаў Добрую Навіну ў Бактрыі, якая сёння з’яўляецца паўночным Афганістанам, і там нават навярнуў у веру мясцовага кіраўніка. Менавіта таму святога Тамаша лічаць апекуном Афганістана.
  5. Хрысціянства заўсёды было прадстаўлена меншасцю ў гэтым рэгіёне, дзе ў розныя часы пераважалі індуізм, будызм, а з Сярэднявечча — іслам. Калі ў 1581 годзе сюды прыбылі езуіты на сустрэчу з трэцім імператарам з дынастыі Вялікіх Маголаў Акбарам І Вялікім, то яны знайшлі тут невялікія хрысціянскія супольнасці, якія лічылі сваім заснавальнікам святога апостала Тамаша. Гэты ісламскі манарх праводзіў нямала рэформаў, цікавіўся іншымі рэлігіямі і дазволіў іх практычна свабоднае веравызнанне, у тым ліку будаўніцтва хрысціянскіх святынь у Гоа. Але місіянеры не затрымаліся ў краіне надоўга.

    Фота southworld.net
  6. У XVII стагоддзі дзякуючы армянскім купцам, якія развівалі гандаль у рэгіёне, атрымалася пабудаваць святыню ў Кабуле для супольнасці Армянскай Апостальскай Царквы. Але яна была разбурана ў ХІХ стагоддзі, і пазней ісламскія радыкалы перашкаджалі з’яўленню новых хрысціянскіх супольнсцяў.
  7. Хрысціянская прысутнасць аднавілася ў ХХ стагоддзі, калі ў краіну пачалі прыязджаць дыпламаты і тэхнічныя спецыялісты з краін Захаду. У 1919 годзе Італія стала першай краінай, якая прызнала незалежнасць Афганістана. У знак падзякі за гэты дыпламатычны акт афганскі ўрад дазволіў пабудаваць невялікую капліцу для замежнікаў, якія ў той час жылі і працавалі ў сталіцы краіны. Каталіцкая капліца была пабудавана на тэрыторыі італьянскага пасольства ў 1933 годзе і да цяперашняга часу заставалася адзінай афіцыйна прызнанай хрысціянскай святыняй у краіне.
  8. У 1928 годзе Папа Пій ХІ дабіўся ад афганскіх уладаў дазволу на знаходжанне на тэрыторыі краіны каталіцкага святара, каб той мог весці душпастырскую дзейнасць сярод католікаў з ліку замежнікаў. У 1932 годзе душпастырства католікаў было даручана манаскаму ордэну барнабітаў (Рэгулярных клерыкаў святога Паўла). З 1955 года ў Афганістане сталі працаваць законніцы з кангрэгацыі Меншых сясцёр Езуса. 16 мая 2002 года, усяго праз пару месяцаў пасля таго, як ЗША ўзначалілі ўварванне ў краіну пасля трагедыі 11 верасня і звяржэння «Талібану», Папа Ян Павел ІІ ўстанавіў Каталіцкую місію sui iuris для працы сярод католікаў, якія жывуць у Афганістане. Пазней у краіну прыбылі законнікі з заснаванай святой Маці Тэрэзай з Калькуты кангрэгацыі Місіянераў Міласэрнасці, каб весці тут дабрачынную дзейнасць. У краіне таксама здзяйсняла сваю працу езуіцкая служба па справах бежанцаў, італьянскае аддзяленне Caritas, арганізацыя «За дзяцей Кабула». Іх праекты ў галіне аховы здароўя і адукацыі былі скіраваны на адбудову і развіццё краіны.
  9. У 2017 годзе айцец Джаванні Скалезэ, капелан капліцы Багародзіцы Божага Провіду ў Кабуле, здзейсніў акт прысвячэння Афганістана Маці Божай Фацімскай і Яе Беззаганнаму Сэрцу.
  10. Выключэннем з таго, пра што ішла гаворка у другім пункце, была адзіна афіцыйна прызнаная грамадзянінам Афганістана хрысціянскага веравызнання Руда Гані, жонка былога прэзідэнта краіны Ашрафа Гані Ахмадзая. Яна нарадзілася і вырасла ў Ліване ў сям’і католікаў-маранітаў. На працягу тэрміна кіравання яе мужа (верасень 2014 – жнівень 2021) яна актыўна абараняла правы жанчын і змагалася за іх пашырэнне. У 2015 годзе часопіс Time уключыў Руду Гані ў свой спіс 100 самых уплывовых людзей у свеце. Пасля захопу талібамі Кабула яна разам з сям’ёй пакінула краіну.
Фота Reuters

Цяпер, калі мы ведаем крыху больш пра цяжкія і небяспечныя ўмовы, у якіх жылі і жывуць хрысціяне ў Афганістане, стваральнікі праекту «Катология» запрашаюць нас звярнуцца да Бога з просьбаю, каб Ён абараніў тых, хто спадзяецца на Яго, а таксама даў мудрасць тым, хто можа паўплываць на тое, каб у краіне запанаваў мір і бяспека.

«Мы жывем у дні вялікай няпэўнасці, чакаючы таго, што адбудзецца. А таму я прашу вас маліцца, маліцца і маліцца за нашу краіну», — звярнуўся да католікаў усяго свету айцец Джаванні Скалезэ, кіраўнік Каталіцкай місіі sui iuris у Афганістане. Да гэтага ж заклікаў вернікаў і Папа Францішак падчас нядзельнай малітвы 15 жніўня.

Падрыхтавана «Катология» на падставе матэрыялаў Aleteia, «Католическая Энциклопедия», Global Christianity, Open Doors і інш.

Абноўлена 20.08.2021 11:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа