Пошук

29.01.2018 14:05   Паводле: Libreria Editrice Vaticana / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Фота: AFP / Catholic.by

Падчас малітвы «Анёл Панскі», што традыцыйна адбываецца ў нядзелі і святы на плошчы Святога Пятра ў Рыме, папа Францішак засяродзіўся на моцы і аўтарытэце Езуса, якія Ён пацвярджае словам і чынам, а таксама выказаў абурэнне тэрактамі ў Афганістане і разам з усімі прысутымі памаліўся за мір.

У ІV Звычайную нядзелю Касцёл у літургіі разважаў над тэкстам Евангелля, у цэнтры якога было выгнанне злога духа, чым Езус паказаў сябе як прарока, магутнага ў слове і ў чынах.

«У суботу Ён уваходзіць у сінагогу ў Кафарнауме і пачынае вучыць; усе прысутныя здзіўляюцца Ягоным словам, таму што гэта — незычайныя словы, не падобныя да таго, што яны чулі зазвычай. <…> Езус вучыць як той, хто мае ўладу, аб’яўляючы сябе такім чынам Божым Пасланцом».

У той жа час Езус паказаў сябе моцным таксама ў чынах. У сінагозе быў чалавек, апантаны злым духам, які выкрыкваў: «Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы» (пар. Лк 1, 24).

«Д’ябал кажа праўду: Езус прыйшоў, каб загубіць д’ябла, каб знішчыць злога духа, каб перамагчы яго».

Злы дух ведаў моц Езуса і Ягоную святасць, але Езус забараніў яму, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго» (пар. Лк 1, 25). І гэтых некалькіх словаў Езусу было дастаткова, каб перамагчы сатану. Тое, што адбылося, моцна ўразіла прысутных, і яны, ахопленыя страхам, пыталіся адно ў аднаго: «Што гэта? <…> Ён і духам нячыстым загадвае, і яны слухаюцца Яго» (пар. Лк 1, 27).

«Моц Езуса пацвярджае аўтарытэтнасць Ягонага вучэння. Ён не толькі прамаўляе словы, але і дзейнічае».

Такім чынам, Езус выяўляе Божы план у сваіх словах і справах, здзейсненых з незвычайнай моцай. У Евангеллі мы не раз бачым, як Езус сваім зямным служэннем аб’яўляе любоў Бога: і тады, калі прапаведуе, і калі не застаецца абыякавым і дапамагае хворым, гаротным, дзецям, грэшнікам.

«Езус — наш Настаўнік, магутны ў словах і чынах. Езус дае нам дастаткова святла, якое асвятляе шляхі, часам змрочныя, нашага існавання; дае нам таксама сілу, неабходную для пераадолення цяжкасцяў, выпрабаванняў, спакусаў.

Падумаем толькі, якая гэта вялікая ласка для нас: ведаць Бога, такога магутнага і такога добрага! Настаўнік і Сябра, Ён паказвае нам шлях і клапоціцца пра нас, асабліва калі мы знаходзімся ў патрэбе».

Святы Айцец прывёў у прыклад Марыю — Жанчыну, якая слухае, — і папрасіў Яе дапамогі ў дасягненні «цішыні навокал і ўсярэдзіне нас, каб сярод гулу гэтага свету слухаць самае аўтарытэтнае слова, якое толькі можа быць: слова Яе Сына Езуса, што раскрывае сэнс нашага існавання і вызваляе нас ад кожнай няволі, таксама і з няволі злога духа».

Пасля малітвы «Анёл Панскі» Папа выказаў абурэнне крывавымі тэрактамі, якія адбыліся ў апошнія дні ў сталіцы Афганістана Кабуле: «Колькі яшчэ афганскі народ павінен зносіць гэтае бесчалавечнае насілле?» Святы Айцец заклікаў да малітвы за ўсіх ахвяраў і іх сем’і, а таксама за тых, хто ў гэтай краіне працягвае працаваць дзеля міру.

Акрамя таго, з нагоды Сусветнага дня хворых на праказу, які адзначаўся ўчора, папа Францішак падкрэсліў, што гэтая хвароба «яшчэ і сёння закранае перадусім самых малазабяспечаных і бедных людзей», запэўніўшы ўсіх хворых на яе ў сваёй блізкасці і салідарнасці.

Сустрэча на плошчы Святога Пятра завяршылася супольнай малітвай усіх прысутных за мір, падчас якой угару былі выпушчаны паветраныя шарыкі.

Абноўлена 29.01.2018 14:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця