Пошук

11.01.2024 16:43   Паводле: Ekai.pl / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Марыя Антонія дэ Пас і Фігэроа, «Мама Антула» / Patricio Pidal/AFV

11 лютага ў базыліцы святога Пятра ў Рыме Папа Францішак узнясе да хвалы алтароў кансэкраваную свецкую каталічку Марыю Антонію дэ Пас і Фігэроа, якая жыла ў XVIII стагоддзі.

Пра гэта сведчыць апублікаваны ў аўторак Ватыканам каляндар набажэнстваў з Папам Францішкам на бліжэйшыя тыдні, паведамляе Ekai.pl.

Аргентынка Марыя Антонія дэ Пас і Фігэроа (1730–1799) стане першай новай святой Каталіцкага Касцёла ў 2024 годзе.

Яна нарадзілася ў 1730 годзе ў вёсцы Сіліпіка непадалёк ад Сант’яга-дэль-Эстэра на поўначы Аргентыны. Пра яе дзяцінства амаль нічога не вядома, акрамя таго, што ў 15 гадоў яна прыватна дала абяцанне жыць чыстасці, дадаўшы да свайго імя імя святога Юзафа як свайго духоўнага апекуна. Верагодна, яна з ранняга ўзросту жыла ў цесным кантакце з карэнным насельніцтвам, што пазней абвастрыла яе адчувальнасць да сацыяльных праблем. Першапачаткова яе адукацыя зводзілася да ўмення пісаць, чытаць і лічыць, але, адораная вялікім розумам, яна змагла кампенсаваць недахоп вучобы жыццёвай мудрасцю.

Аднак найбольшы ўплыў на яе выбар аказалі езуіты і духоўнасць святога Ігнацыя Лаёлы, з якімі яна была звязана з ранняга дзяцінства.

Менавіта пад іх уздзеяннем пасля адпаведнай духоўнай падрыхтоўкі яна дала вышэйзгаданае абяцанне жыць у чыстасці, стаўшы — паводле тагачаснай тэрміналогіі — «благаслаўлёнай» (beata), што адпавядае сучасным свецкім кансэкраваным асобам.

Яна насіла цёмны габіт і жыла разам з іншымі жанчынамі — як дзевамі, так і ўдовамі, — у так званым «беатэрыі», або доме, дзе яны маглі не толькі жыць, але і праводзіць свае рэкалекцыі, духоўныя практыкаванні. 

Пад духоўным кіраўніцтвам езуіта айца Гаспара Хуарэса яны займаліся дапамогай святарам, выхаваннем дзяцей, гатаваннем ежы, вышываннем, доглядам за хворымі і раздачай міласціны. Такім чынам, яны выконвалі ў значнай ступені тыя задачы, якія выконвалі ў Еўропе актыўныя ордэны і манаскія кангрэгацыі, якіх у той час у Аргентыне не існавала.

Але ў 1787 годзе кароль Іспаніі (тады Аргентына была часткай іспанскай кароны) Карл III Бурбон загадаў выгнаць езуітаў з усёй Паўднёвай Амерыкі, што стала шокам асабліва для Сант’яга-дэль-Эстэра, дзе Таварыства Езуса мела асабліва моцную пазіцыю. Тады 37-гадовая Марыя Антонія ад святога Юзэфа пачала думаць, што ёй рабіць у гэтай сітуацыі і неўзабаве адчула пакліканне да духоўных практыкаванняў. Перакананая, што гэта было натхненне звыш, яна даверыла свае намеры айцу Дыего з манаскай супольнасці мерсэдарыяў, які прыняў ад езуітаў пастырскую апеку над «бэатамі». Манах не толькі падтрымаў яе, але і прапанаваў супрацоўніцтва ў духоўнай сферы. Так паступова пачала нараджацца ідэя стварэння рэкалекцыйнага дома, і з часам да яе далучыліся іншыя людзі.

Такім чынам, Марыя Антонія рушыла ў дарогу босая, нічога не маючы з сабой, «узброіўшыся» толькі вялікім драўляным крыжам, які несла на плячах, як Езус на Галготу, і выявай Маці Божай Балеснай. Першапачаткова яна наведала бліжэйшыя наваколлі свайго роднага горада, але неўзабаве, пасля атрымання згоды біскупа Тукумана Хуана Мануэля Маскоза і Пэральты, яна таксама скіравалася ў гэты горад, затым у Хухуй, Сальту, Сан-Мігэль-дэ-Тукуман, Катамарку, Ла-Рыёху і Кордаву. Усяго за гэты час яна пераадолела больш за 2 тысячы кіламетраў.

У цэлым, яе добра прымалі: яна заслужыла вялікую пашану ў Кордаве, а вучэнне, якое яна прапаведавала, і місіянерская стараннасць, якую яна праяўляла, прынеслі выдатныя плады, у тым ліку шматлікія навяртанні. Менш чым за год яна арганізавала восем суполак па 200–300 чалавек у кожнай, якія займаліся духоўнай працай і евангелізацыяй.

Аднак калі напачатку верасня 1779 года ў кампаніі іншых «бэат» Марыя Антонія прыбыла ў Буэнас-Айрэс, прайшоўшы басанож амаль 1,4 тысячы кіламентраў, там яна сустрэла неахвотны прыём. 

Яе лічылі вар’яткай, п’яніцай, фанатычкай і нават… ведзьмай. Мясцовыя негрыцянскія дзеці, убачыўшы, што яна прыйшла ў горад з дзвюмя сотнямі нявольнікаў, якіх прывяла з Сант’яга на дапамогу, кідалі ў яе камяні і абражалі. Мясцовы біскуп таксама выказваў недавер да яе на працягу некалькіх месяцаў, але калі ён пазнаёміўся з ёй бліжэй, то стаў яе абаронцам і шмат ёй дапамогаў.

Яе вялікім праціўнікам да апошняга часу быў віцэ-кароль Хуан Хасэ дэ Вэтрыс і Сальсэда, які шалёна ненавідзеў езуітаў. У гэтых умовах жанчына, якую на пачатку сваёй рэкалекцыйнай дзейнасці называлі «мама Антула», або матуля Антося, два гады вяла сваю дзейнасць сакрэтна. Не маючы магчымасці весці рэкалекцыі публічна, яна сустракалася з людзьмі ў дамах, якія арандаваў біскуп сем’ям, звязаным з Касцёлам. Поспех гэтых мерапрыемстваў быў настолькі вялікі, што ўсё больш і больш людзей удзельнічала ў практыкаваннях, і ў рэшце рэшт пра іх даведаліся ўсе.

Такім чынам, у 1780 годзе мама Антула купіла ўчастак зямлі на ўскраіне Буэнас-Айрэса (сёння ў межах горада), і там быў пабудаваны «Святы рэкалекцыйны дом». Сама яна не мела ўласных грошай, але, давяраючы Провіду і ходзячы па хатах «з просьбай», здолела здабыць неабходныя сродкі для пабудовы «дома Бога і для Бога». Яна таксама была вялікай прыхільніцай святога Каэтана з Тыены, які дзякуючы яе намаганням стаў вельмі папулярным у Аргентыне.

«Святы дом», Буэнос-Айрэс / Patricio Pidal/AFV

Уплыў гэтай свецкай катэхеткі і прапаведніцы быў настолькі вялікім ў канцы XVIII стагоддзя, што біскуп Буэнас-Айрэса загадаў, каб кожны семінарыст перад святарскім пасвячэннем атрымаў ад яе пацвярджэнне, што ён добра паводзіў сябе падчас рэкалекцый. Яе лісты да сяброў, езуітаў у Еўропе, перакладзеныя на розныя мовы, таксама адыгралі важную ролю і нават прывялі да рэформы некаторых кляштараў у Францыі.

Марыя Антонія памерла ў сваім «Святым доме» ў Буэнас-Айрэсе 7 сакавіка 1799 года ў стане меркаванай святасці.

Працэс яе беатыфікацыі распачаўся ў 1905 годзе і завяршыўся праз год, але выбух дзвюх сусветных войнаў затрымаў далейшы ход справы, якая аднавілася толькі ў 1999 годзе. У 2010 годзе Папа Бэнэдыкт XVI зацвердзіў дэкрэт аб гераічнасці цнот Мамы Антулы, і пасля прызнання ў 2002 годзе цуду невытлумачальнага аздараўлення, што адбылося яшчэ ў 1905 годзе, Папа Францішак 3 сакавіка 2016 года зацвердзіў дэкрэт па гэтай кананізацыйнай справе.

27 жніўня таго ж года адбылася яе беатыфікацыя ў горадзе Сант’яга-дэль-Эстэра — сталіцы аднайменнай правінцыі на паўночным захадзе Аргентыны.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця