Пошук

12.02.2024 12:33   Паводле: КАІ / Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: PAP/EPA/Claudio Peri

11 лютага Папа Францішак абвясціў святой сваю суайчынніцу — Марыю Антонію ад святога Юзафа, якую ў Аргентыне называлі проста Мама Антула — Маці Антося.

Гэтая свецкая катэхетка, якая жыла ў XVIII стагоддзі, была нястомнай місіянеркай. Яна распаўсюджвала і праводзіла ігнацыянскія рэкалекцыі ў той час, калі Таварыства Езуса не магло дзейнічаць і ўсе езуіты былі выгнаныя з Паўднёвай Амерыкі. Гэта была першая кананізацыя ў 2024 годзе, а Мама Антула стала першай аргентынскай жанчынай, кананізаванай Каталіцкім Касцёлам.

У прамоўленай з нагоды кананізацыі гаміліі Папа Францішак, між іншым, сказаў:

«Яна была вандроўніцай Духа. Пераадолела тысячы кіламетраў пешкі, праз пустыні, небяспечнымі шляхамі, каб несці Бога. Сёння яна з’яўляецца для нас прыкладам апостальскай руплівасці і смеласці. Калі езуіты былі выдаленыя, Дух Святы запаліў у ёй місіянерскае полымя, якое паходзіла з даверу Провіду і вытрываласці.

Яна заклікала заступніцтва святога Юзафа, а каб зашмат яму не назаляцца, таксама святога Каэтана з Тыены. У сувязі з гэтым яна ўвяла набажэнства да апошняга, а яго першая выява трапіла ў Буэнас-Айрэс у XVIII стагоддзі. Дзякуючы Маме Антуле гэты святы, заступнік Божага Провіду, трапіў у дамы, кварталы, транспартныя сродкі, крамы, фабрыкі і сэрцы, каб ахвяраваць годнае жыццё праз працу, справядлівасць, штодзённы хлеб на стале бедных.

Молімся сёння да Марыі Антоніі, святой Марыі Антоніі дэ Пас ад святога Юзафа, каб яна нам вельмі дапамагла. Няхай Пан благаславіць нас усіх», — сказаў на заканчэнне гаміліі Святы Айцец.

Падчас кананізацыі удзел у святой Імшы ў базыліцы святога Пятра браў прэзідэнт Аргентыны Хаўер Мілей. Яго суправаджала прадстаўнічая дэлегацыя высокіх аргентынскіх уладаў. На ўрачыстасць прыбыло каля паўтысячы аргентынцаў, якія занялі ў базыліцы першыя лаўкі. Неаторыя трымалі нацыянальныя сцягі. Сярод канцэлебрантаў былі аргентынскія іерархі: кардынал Віктар Мануэль Фэрнандэс, кардынал Марыё Полі, а таксама Мітрапаліт Буэнас-Айрэса арцыбіскуп Хорхэ Ігнасіё Гарсія Куэрва.

Пасля заканчэння літургіі Папа Францішак на інвалідным вазку пад’ехаў да прэзідэнта, з якім яны сардэчна абняліся.

«Гэта вельмі важны момант у гісторыі Аргентыны», — сказаў пра кананізацыю Мілей.

Кананізацыя Мамы Антулы стала магчымай дзякуючы прызнанні Святым Пасадам цуду, які прыпісваецца яе заступніцтву. Гэтым цудам было невытлумачальнае з пункту гледжання медыцыны аздараўленне Клаўдыё Перусіні пасля ішэмічнага інсульту ў спалучэнні з гемарагічным інфарктам некалькіх вобласцяў, глыбокай комай, сэпсісам, рэфрактэрным сэптычным шокам з паліорганнай недастатковасцю.

Перусіні, 64-гадовы выкладчык філасофіі, таксама браў удзел у кананізацыйнай святой Імшы. З Папам Францішкам яны знаёмыя з 1976 года. У маладосці Перусіні распачаў навіцыят у езуітаў, аднак у рэшце рэшт па парадзе будучага Папы застаўся свецкім. Тым не менш айцец Хорхэ Марыё Бэргольё не перастаў быць яго спаведнікам і духоўным кіраўніком. У 2017 годзе, калі пасля 28-і дзён, праведзеных у вегетатыўным стане, Перусіні нечакана вярнуўся да здароўя, Папа яму патэлефанаваў, і яны размаўлялі паўгадзіны.

Падчас свайго пантыфікату Папа Францішак ужо кананізаваў аргентынскага пробашча Хасэ Габрыэля Брачэра і Артэмідэ Дзацці — італьянскага лекара, які працаваў у Аргентыне. Мама Антула стала першай жанчынай з Аргентыны, якая была абвешчана святой.

Абноўлена 12.02.2024 12:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця