Пошук

06.08.2018 12:19   Паводле: Vatican News / Catholic.by
© Фота Алены Германовіч / katolik.life

4 жніўня ў Гомелі дзякавалі Богу за 25 гадоў служэння сясцёр Маці Тэрэзы ў мясцовай парафіі і ў горадзе. Яны ўтрымліваюць Дом міласэрнасці, у якім дапамагаюць бедным і бяздомным.

Сёстры запрасілі ўсіх жадаючых на ўрачыстую св. Імшу ў іх Доме міласэрнасці, а потым зладзілі пачастунак. Дарэчы, у той жа дзень у Каталіцкім Касцёле адзначалі ўспамін св. Яна Марыі Віянэя, апекуна святароў, асабліва пробашчаў. Таму мясцовыя святары таксама не засталіся без віншаванняў і малітвы.

Святочную Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, гамілію прамовіў дэкан Гомельскага дэканата кс. Тадэвуш Саморэк. Ён упэўнены, што сёстры прыехалі ў Беларусь, бо гэтага пажадаў Бог. У 1993 г. першыя прадстаўніцы кангрэгацыі Місіянерак любові прыбылі ў Беларусь па благаслаўленні св. Яна Паўла II, і іх прысутнасць на Гомельшчыне кс. Тадэвуш лічыць Божым благаслаўленнем.

«Я часта прыязджаю ў гомельскі Дом міласэрнасці, і ні разу такога не здаралася, каб я першы ўсміхаўся сёстрам. Яны заўсёды мяне апярэджваюць ва ўсмешцы», — адзначыў святар. Ён дадаў, што сестры вучаць нас бачыць у кожным чалавеку Езуса Хрыста.

Пасля св. Імшы гомельскія парафіяне шчыра дзякавалі сёстрам, а потым падаравалі ім і святарам букеты кветак і цукеркі.

Адзіныя ў Беларусі прадстаўніцы Ордэна Маці Тэрэзы служаць у Гомелі.

Законніцы розных нацыянальнасцяў утрымліваюць Дом міласэрнасці, у якім дапамагаюць бедным і бяздомным ужо 25 гадоў і займаюцца многімі справамі міласэрнасці.

Дом сясцёр служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчын і жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання. Сёстры даглядаюць за імі, лечаць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакументы і ўладкавацца на працу. Місіянеркі рыхтуюць абеды для бяздомных, раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем’яў і адзінокіх старых, дапамагаюць дзецям з малазабяспечаных і праблемных сем’яў. Дапамагчы сёстрам у гэтай справе можа кожны: напрыклад, раздаць ежу, памыць посуд, прынесці вопратку ці абутак.

Абноўлена 07.08.2018 08:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця