Пошук

08.08.2023 17:05   Фота: Кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

4 жніўня ў Гомелі (Пінская дыяцэзія) адзначылі 30-годдзе служэння ў Беларусі сясцёр з Кангрэгацыі місіянерак любові, заснаванай святой Маці Тэрэзай з Калькуты.

З гэтай нагоды ў капліцы Дома міласэрнасці, дзе сёстры дапамагаюць найбольш патрабуючым, адбылося набажэнства падзякі.

У ім узялі ўдзел два найстарэйшыя іерархі Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне: арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, а таксама Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, які апошнія гады нясе служэнне ў Гомелі.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў сабраным пра асобу святой Маці Тэрэзы, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла служэнню найбяднейшым, па прыкладу Езуса Хрыста. З гэтай мэтай у 1950 годзе яна заснавала Кангрэгацыю Сясцёр Місіянерак Любові, якая вельмі хутка распаўсюдзілася па ўсім свеце.

Заслужаны іерарх нагадаў, што Маці Тэрэза наведала Савецкі Саюз ў 1986 годзе, пасля Чарнобыльскай катастрофы і жахлівага землятрусу ў Арменіі. Яна дапамагала пацярпелым у Спітаку, а ў 1988–1989 гадах сёстры з заснаванай ёй супольнасці прыбылі ў Маскву, Ераван і Спітак.

«Усё гэта стала магчымым дзякуючы таму, што ў атэістычнай краіне распачалася рэлігійная адліга, а рэлігія адраджалася пасля дзесяцігоддзяў пераследу як крыніца духоўнасці і справядлівасці», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён распавёў сабраным аб супрацоўніцтве з сёстрамі падчас свайго служэння ў Маскве. Менавіта тады яны пачалі шукаць новых месцаў служэння. У адказ на просьбу сясцёр іерарх прапанаваў ім Гомель як зону, якая моцна пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы.

«Адказу не трэба было доўга чакаць. Пасля вырашэння ўсіх фармальнасцяў і благаслаўлення Папы Яна Паўла ІІ, сёстры скіраваліся ў Гомель.

Так распачалося служэнне сясцёр місіянерак любові ў Беларусі, дзе яны ўжо трыццаць гадоў паспяхова развіваюць сваю дабрачынную і евангелізатарскую дзейнасць. За гэты час сёстры сталі арганічнай часткай беларускага Касцёла і нашага грамадства. Іх ведае шмат людзей і з удзячнасцю прымае іх такое патрэбнае служэнне міласэрнасці», — падкрэсліў арцыпастыр.

Ён дадаў, што сакрэт папулярнасці сясцёр Маці Тэрэзы заключаецца ў хрысціянскай любові да бліжняга.

«Усе людзі створаны паводле вобразу і падабенства Божага і таму маюць сваю годнасць, якая, на вялікі жаль, часта зневажаецца. Праз служэнне бедным мы дапамагаем ім вярнуць яе. Бог хоча міласэрнасці, а не ахвяры. Таму няма альтэрнатывы міласэрнасці, — сцвердзіў арцыбіскуп. — Сваім служэннем сёстры з’яўляюцца соллю зямлі і святлом свету, які патрабуе бескарыслівай любові. Такім чынам яны дапамагаюць нам лепш зразумець, што адзіным крытэрыем нашай дзейнасці павінна быць свабодная ад усялякіх абмежаванняў і скіраваная да ўсіх людзей без адрозненняў мовы, культуры, расы і рэлігіі любоў.

У паўсюдным законе любові заключаецца сэнс „рэвалюцыі міласэрнасці“, якую сёстры Маці Тэрэзы з Калькуты ажыццяўляюць», — сказаў заслужаны іерарх, дадаўшы, што яны, будучы беднымі, дзеляцца сэрцам з найбяднейшымі, каб адкрыць ім перспектыву радасці і надзеі.

На заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў сёстрам, якія дзякуюць за 30 гадоў служэння ў Беларусі і пачынаюць пісаць новую старонку сваёй гісторыі на беларускай зямлі, напоўніць яе новымі ідэямі служэння найбяднейшым, каб людзі паверылі, што самарэалізацыя чалавека і яго шчасце прыходзяць не праз матэрыяльнае багацце, але праз дапамогу і служэнне іншым.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа