Пандэмія каранавірусу моцна паўплывала на зніжэнне колькасці пілігрымаў на Шляху святога Якуба. Паводле штогадовай статыстыкі ў Сант’яга-дэ-Кампастэла (Іспанія), у 2020 годзе дакумент, які пацвярджае, што яны прайшлі пешкі не менш за 100 км або пераадолелі не менш 200 км на ровары або конна, атрымалі 53 893 пілігрымы.
Як паведамляе каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у 2019 годзе налічвалася 347 578 пілігрымаў, у тым ліку, напрыклад, 26 167 немцаў, колькасць якіх у мінулым годзе скарацілася да 2325.
Летась локдаўн у Іспаніі таксама ўключаў у сябе Шлях святога Якуба з сярэдзіны сакавіка да канца чэрвеня. Потым пілігрымы зноў пачалі прыбываць, аднак восенню, у сувязі з рэгіянальнымі абмежаваннямі, выкліканымі другой хваляй каранавірусу, пілігрымкавы рух практычна цалкам спыніўся.
У снежні ў Сант’яга-дэ-Кампастэла прыбыло толькі 99 чалавек.
Невядома, ці пакажа новыя рэкорды Год святога Якуба, які пачаўся 1 студзеня. Да гэтага часу ў святыя гады іспанскую базыліку наведвала рэкордная колькасць пілігрымаў. Цяпер там штодня рэгіструюцца толькі два-тры наведвальнікі.
З-за пандэміі Папа Францішак працягнуў юбілейны Год святога Якуба да 2022 г. Юбілей адзначаецца, калі свята святога Якуба, 25 ліпеня, прыпадае на нядзелю.
Шлях святога Якуба з’яўляецца адным з найбольш важных маршрутаў пілігрымак побач з маршрутамі ў Рым і Ерузалем. Ён вядзе да базылікі Сант’яга-дэ-Кампастэла на паўночным захадзе Іспаніі. Адзінага маршруту пілігрымавання не існуе, удзельнікі могуць дабрацца да месца прызначэння па адным з многіх маршрутаў.
Прыбыццё туды першага дакументальна пацверджанага пілігрыма датуецца 950 годам, але ёсць сляды больш ранніх пілігрымак, ужо ў ІХ стагоддзі.
Святы Ян Павел II прыязджаў у Сант’яга двойчы: 9 лістапада 1982 г., у канцы сваёй першай паездкі ў Іспанію, і 19-20 жніўня 1989 г., калі ў горадзе праходзілі галоўныя мерапрыемствы чацвёртага Сусветнага дня моладзі. Тады Папа прайшоў больш за паўкіламетры ў выглядзе простага пілігрыма, апрануты ў традыцыйны плашч і капялюш.