29 жніўня адбылася аднадзённая пілігрымка вернікаў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы пад кіраўніцтвам пробашча ксяндза каноніка Аляксандра Барылы ў Будслаў. У пілігрымцы ўдзельнічалі дзеці, моладзь, спевакі парафіяльнага хору і іншыя вернікі, якія пажадалі далучыцца да яе.
Шмат парафіянаў прыбыло ў гэтае святое месца цягніком і на аўтамабілях, каб памаліцца ў сваіх інтэнцыях і правесці час разам. На пачатку вернікі прывіталі Маці Божую і падзякавалі за магчымасць сустрэцца з Ёю ў будслаўскай святыні.
Пасля малітвы пілігрымы сабраліся на абед, а таксама мелі вольны час, каб паразмаўляць і падзяліцца ўражаннямі і ўспамінамі, бо ўжо больш за 10 гадоў дзеці і моладзь вілейскай парафіі перад пачаткам навучальнага года збіраліся ў Будславе на «канікулы з Богам».
Потым адбылася урачыстая святая Імша, падчас якой вернікі маліліся ў інтэнцыі Беларусі і асабістых інтэнцыях удзельнікаў.
Ксёндз Аляксандр Барыла ў гаміліі патлумачыў сэнс урыўку з Евангелля на гэты дзень, а таксама распавёў пра асобу святога Яна Хрысціцеля.
Пасля Эўхарыстыі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой кожны з прысутных меў магчымасць услых або ў думках звярнуцца да Езуса са словамі перапрашэння, падзякі і просьбы. А трэцяй гадзіне дня вернікі памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці.
Вечарам пілігрымы мелі пачастунак на свежым паветры, а ў дзяцей і моладзі быў час на спартыўныя гульні і танцы.
Пілігрымка вілейскіх парафіянаў завяршылася супольнай малітвай і гімнам да Маці Божай Будслаўскай.
Ксёндз Аляксандр Барыла заахвоціў кожнага з удзельнікаў аддаць сябе ў апеку Найсвяцейшай Панны Марыі, паўтараючы словы святога Яна Паўла ІІ «Totus tuus» («Увесь Твой»).