Увечары 18 студзеня ў базыліцы св. Паўла за Мурамі Святы Айцец узначаліць цэлебрацыю Нешпараў на пачатку Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў.
Пра важнасць намаганняў у імкненні да адзінства ўсіх вучняў Хрыста папа Францішак нагадаў 16 студзеня на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў ватыканскай зале Паўла VI. Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, Пантыфік заклікаў маліцца аб тым, каб хрысціяне зноў сталі адзінай сям’ёй і давалі супольнае сведчанне ў працы на карысць справядлівасці і абароны бедных.
«У бліжэйшую пятніцу цэлебрацыяй Нешпараў у базыліцы св. Паўла за Мурамі, распачнецца Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў на тэму: „Імкніся да справядлівасці“. Таксама і сёлета мы пакліканы маліцца, каб усе хрысціяне зноў сталі адзінай сям’ёй у адпаведнасці з воляй Бога, які жадае, „каб усе былі адно“ (гл. Ян 17, 21).
Экуменізм — гэта не штосьці факультатыўнае.
Інтэнцыя заключаецца ў тым, каб сталела супольнае і адзінадушнае сведчанне ў адстойванні сапраўднай справядлівасці і падтрымцы самых слабых з дапамогаю канкрэтных, адпаведных і плённых адказаў», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.
Традыцыйнае экуменічнае набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў у Мінску сёлета пройдзе на заканчэнне Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў 26 студзеня. Узначаліць цэлебрацыю арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.