26 студзеня, на заканчэнне тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў, у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі пройдзе супольнае набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў.
Штогод тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў праводзіцца з 18 па 25 студзеня. Сёлета ён прысвечаны тэме «Імкніся да справядлівасці».
Гэтыя словы ўзятыя са Святога Пісання, з кнігі Другазаконня (Дрг 16, 20).
Чакаецца, што ў набажэнстве, цэлебрацыю якога ўзначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, возьмуць удзел прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, а таксама прадстаўнкі пратэстанцкіх супольнасцяў розных кірункаў.
Набажэнства распачнецца пасля св. Імшы ў 18.30.
Набажэнства за адзінства хрысціянаў пройдзе таксама 24 студзеня ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве. Пасля св. Імшы на 18.30 яго ўзначаліць біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці.