Пошук

16.01.2019 16:04   Паводле: Vatican News
Рэмбрант. Вяртанне марнатраўнага сына (фрагмент)

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 16 студзеня прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, папа Францішак працягнуў цыкл катэхезаў, прысвечаных малітве «Ойча наш».

Гэтым разам Святы Айцец засяродзіў увагу на значэнні арамейскага слова «Абба» (тата), якім св. Павел заклікае звяртацца да Бога. У ім утрымліваецца ўся навізна Евангелля, перакананы Пантыфік, як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News.

«Пазнаўшы Езуса і пачуўшы Яго пропаведзь, хрысціянін больш не лічыць Бога тыранам, якога трэба баяцца; ужо не палохаецца Яго, але адчувае, што ў яго сэрцы нараджаецца давер: ён можа размаўляць з Творцам, называючы Яго „Ойча“.

Гэты выраз настолькі важны для хрысціянаў, што часта застаецца нязменным у сваёй арыгінальнай форме: „Абба“», — заўважыў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на той факт, што ў Новым Запавеце рэдка можна сустрэць арамейскія словы, не перакладзеныя на грэчаскую мову. Слова «Абба» — адно з іх.

«Мы павінны ўявіць, што ў гэтых арамейскіх словах быў „запісаны“ нібыта голас самога Езуса, захаваны арыгінальны выраз Езуса. У першым слове „Ойча наш“ мы адразу знаходзім радыкальную навізну хрысціянскай малітвы», — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец патлумачыў, што слова «Абба» выражае надзвычай блізкія і шчырыя адносіны. Хоць у галоўнай хрысціянскай малітве яно перакладзена як «Ойча», «мы закліканыя ў сэрцы казаць „тата“, каб нашыя адносіны з Богам былі падобнымі да адносінаў дзіцяці і бацькі».

«Вядома, гэтыя словы нагадваюць пра любоў, цеплыню; пра штосьці, што пераносіць нас у атмасферу дзяцінства: вобраз дзіцяці, што знаходзіцца ў абдымках такога бацькі, які адчувае бясконцую ласкавасць да яго.

Таму, дарагія браты і сёстры, каб добра маліцца, трэба мець дзіцячае сэрца.

Не сэрца чалавека самадастатковага, паколькі так немагчыма маліцца добра, а сэрца дзіцяці, якое знаходзіцца на руках у свайго бацькі, свайго таты, свайго татулі», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа заклікаў вернікаў уявіць, як малітву «Ойча наш» прамаўляў бы марнатраўны сын з евангельскай прыпавесці, знаходзячыся ў абдымках свайго бацькі. Гэта дазволіць зразумець, што ў Богу ёсць толькі верная і надзейная любоў, перакананы Пантыфік.

«Бог цябе шукае, нават калі ты Яго не шукаеш. Бог цябе любіць, нават калі ты пра Яго забыўся. Бог бачыць у табе прыгажосць, нават калі ты думаеш, што змарнаваў усе свае таленты.

Бог — не толькі Айцец. Ён — нібы маці, якая ніколі не перастае любіць сваё стварэнне.

З іншага боку, існуе пэўны „перыяд цяжарнасці“, які працягваецца вечна, значна даўжэй за дзевяць месяцаў фізічнай цяжарнасці, які выклікае бясконцы кругазварот любові», — дадаў Святы Айцец.

На заканчэнне катэхезы папа Францішак нагадаў, што Бог ніколі не хавае свайго аблічча, ніколі не замыкаецца ў маўчанні, але застаецца верным сваёй любові і ўвесь час чакае чалавека, нягледзячы на яго грахі. Менавіта гэта дазваляе нам звяртацца да Яго без страху: «Ойча!»

Абноўлена 16.01.2019 16:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа