Пошук

30.01.2020 14:00   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Спакушэнні Хрыста. Фрагмент. Мастак Фра Бэато Анджэліко

У новым выданні на італьянскай мове галоўнай літургічнай кнігі Касцёла «Рымскага Імшалу», якое выйдзе ў свет на Вялікдзень 12 красавіка, змешчана новая версія перакладу малітвы «Ойча наш».

Як паведаміла польская рэдакцыя парталу Vatican News, італьянскія біскупы некалькі гадоў таму з дапамогаю спецыялістаў распачалі вывучэнне гэтага пытання, у выніку чаго малітва «Ойча наш», якую кожны вернік ведае з маленства, цяпер будзе пададзена ў новай рэдакцыі.

Просьба малітвы Пана «не ўводзь нас у спакусу» ва ўдакладненым перакладзе цяпер гучыць: «не пакінь нас у спакусах», што бліжэй да грэцкага арыгінала малітвы «Ойча наш».

На гэтую тэму раней выказаўся Папа Францішак: «Гэта чалавек падае, а не Бог кідае нас у спакусы, каб потым паглядзець, як мы ўпалі. Добры Айцец так не робіць; Ён дапамагае як найхутчэй падняцца. Той, хто ўводзіць нас у спакусы, — гэта сатана, гэта яго праца. А сэнс гэтай просьбы з малітвы „Ойча наш“ такі: калі сатана ўводзіць мяне ў спакусу, прашу Цябе, Ойча, падай мне руку».

Новая версія перакладу малітвы Пана ў італьянскім Касцёле стане абавязковай з Першай нядзелі Адвэнту, якая прыпадае сёлета на 29 лістапада.

Чаму італьянскія іерархі прынялі такое няпростае рашэнне, тлумачыць арцыбіскуп К’еці-Васцкі Бруно Фортэ.

«Адно азначае выпрабаванне ў агульным разуменні, а другое — слова, выкарыстанае ў малітве „Ойча наш“. Яно такое самае, як і тое, што ўжыта ў Евангеллі паводле святога Лукі, дзе ідзе гаворка пра спакусы, якія меў Езус. Гэта былі сапраўдныя спакусы.

Такім чынам, гаворка ідзе не пра звычайныя жыццёвыя выпрабаванні, а пра сапраўдныя спакусы. Гэта штосьці або хтосьці, хто схіляе нас зрабіць зло ці хоча адарваць нас ад еднасці з Богам», — падкрэсліў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё арцыбіскуп Бруно Фортэ.

«Таму фармулёўка „ў спакусу“ перададзена правільна, і слова, якое ёй адпавядае, павінна быць такім, каб даць зразумець, што наш Бог — гэта Бог, які нас падтрымлівае і дапамагае нам не ўпасці ў спакусу. Бог не хоча, каб мы трапілі ў пастку. Гэта цалкам непрымальны падыход», — дадаў італьянскі іерарх.

Абноўлена 30.01.2020 14:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.