У выдавецтве Мінска-Магілёўскай архідяцэзіі «Pro Christo» убачыла свет пятае выданне малітоўніка «Ойча наш».
Новае выданне беларускага каталіцкага бестселера — малітоўніка «Ойча наш» — уключае не толькі асноўныя малітвы на беларускай мове, набажэнствы (Крыжовы шлях, Ружанец, набажэнствы да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі і іншыя), кароткі катэхізіс і парадак святой Імшы, але і шмат новых малітваў, навэннаў, вяночкаў і літаній. Усё гэта змешчана на 720 старонках кампактнай кніжкі ў цвёрдай вокладцы.
Малітоўнік — неад’емны спадарожнік у жыцці кожнага верніка: на святой Імшы, у падрыхтоўцы да споведзі, у дарозе, дома ўвечары на малітве гэтая кніга заўсёды нам патрэбная.
У малітоўніку змешчана шмат малітваў для розных сітуацый з нашага жыцця: малітвы за дзяцей і бацькоў, за Касцёл і святароў, за хворых і падчас эпідэміі; малітвы ў цяжкіх сітуацыях і ў радасныя моманты; малітвы за Айчыну; малітвы, звязаныя з цэлебрацыяй сакрамэнтаў і шмат іншых. Дзякуючы простаму зместу, у малітоўніку можна хутка знайсці патрэбную малітву альбо набажэнства.
Гэтая кніга дапаможа праз глыбокі кантакт з Богам у малітве спазнаць Яго шчодрыя ласкі, вялікую любоў і бязмежную міласэрнасць.
Малітоўнік можна набыць па спецыяльным кошце падчас фэсту ў Будславе 1–2 ліпеня ў фірмовых намётах выдавецтва «Pro Christo».