Пошук

21.06.2024 11:22   Catholic.by

У мінскім выдавецтве «Pro Christo» у чэрвені ўбачыў свет унікальны малітоўнік «Прасіце і атрымаеце. Літаніі. Навэнны. Вяночкі», у якім сабрана 69 літаній, 52 навэнны і 18 вяночкаў да Пана Бога, Панны Марыі, святых, а таксама ў розных інтэнцыях.

Ёмістае выданне аб’ёмам каля 650-і старонак стала плёнам шматгадовай працы калектыву рэдакцыі часопіса «Ave Maria», на старонках якога на працягу больш як 20-і гадоў друкавалася пераважная частка малітоўных тэкстаў, што ўвайшлі ў кнігу. Акрамя таго, некаторыя літаніі, навэнны і вяночкі былі адмыслова падрыхтаваныя для новага малітоўніка.

Кожны практыкуючы вернік усведамляе неацэнную каштоўнасць тых формаў набажэнства, якія прапануюцца ў гэтым зборніку.

Угрунтаваныя на глыбокай духоўнасці, многія з гэтых тэкстаў маюць старажытнае паходжанне: яны былі складзеныя шмат стагоддзяў таму і ўвабралі ў сябе духоўны вопыт многіх пакаленняў вернікаў, невычэрпнае багацце малітоўных заклікаў, актаў і формул. Гэта своеасаблівая і важная частка хрысціянскай культуры, з якой мы павінны няспынна чэрпаць натхненне і якой вельмі важна напаўняць наша штодзённае жыццё — інакш мы проста загразнем у няпэўнасці і расчараваннях, у трывозе і стрэсе.

Нездарма да навэннаў, літаній і вяночкаў як да любімых формаў прыватнай малітвы часта звярталіся святыя і благаслаўлёныя, пакінуўшы нам шматлікія сведчанні пра эфектыўнасць такой малітоўнай практыкі. Варта падкрэсліць, што дзейснасць малітвы заключаецца не ў нейкай асаблівай сіле яе словаў ці выразаў — не згодна з хрысціянскай верай надзяляць іх «магічнымі» уласцівасцямі, — а ў тым, што гэтыя традыцыйныя набажэнствы патрабуюць ад верніка паслядоўнасці і пастаянства, што, у сваю чаргу, фармуе ў душы цвёрдую, нязломную веру і дапамагае не збочваць з абранага духоўнага шляху. Так, навэнна звычайна доўжыцца дзевяць дзён — а гэта ўжо патрабуе пэўнай дысцыпліны ва ўласным духоўна-рэлігійным жыцці. Літаніі і вяночкі часцей за ўсё заснаваныя на мностве малітоўных паўтораў і заклікаў, таму дапамагаюць максімальна «заглыбіць» свае думкі ў малітву, напоўніць ёю штодзённыя справы і абавязкі.

Пан Езус, жадаючы ўсяму свету аб’явіць бязмежнасць сваёй Міласэрнасці і заахвочваючы чалавецтва маліцца аб уміласціўленні за грахі, прадыктаваў святой Фаўстыне Кавальскай менавіта гэтыя тры формы малітвы да Божай Міласэрнасці: літанію, навэнну і вяночак. Дарэчы, ў 2025 годзе спаўняецца 90 гадоў з часу з’яўлення Вяночка да Божай Міласэрнасці.

Менавіта ў гэтай святой містычкі мы можам вучыцца вытрываласці ў малітве. «Няхай душа ведае, што для таго, каб маліцца і вытрываць у малітве, яна павінна ўзброіцца цярплівасцю і мужна пераадольваць знешнія і ўнутраныя цяжкасці. Унутраныя цяжкасці: расчараванне, чэрствасць, вяласць, спакусы; знешнія: адносіны людзей і [неабходнасць] прытрымлівацца часу, прызначанага для малітвы. Я сама адчула, што калі не прачытала малітвы ў вызначаны для яе час, то пасля таксама яе не прачытала, бо не дазволілі абавязкі, а калі і прачытала, то з вялікімі цяжкасцямі, бо думкі былі пра абавязкі» (Дзённік, 147), — разважае святая Фаўстына.

Яна ж разам з іншымі нябеснымі заступнікамі падае нам добры прыклад маліцца навэнну не толькі перад святамі і ўрачыстасцямі, але і перад важнымі рашэннямі, у цяжкіх сітуацыях, у сумневах і просьбах да Пана Бога аб Яго ласках. Але нават калі нам здаецца, што мы прыклалі так шмат намаганняў у малітве, а нашыя просьбы не выслуханыя, мы ўсё адно атрымалі вельмі вялікі дар — сталі бліжэй да Бога, правялі з Ім свой час, спазналі прысутнасць Духа Святога… Чаканне таксама плённа фармуе нашыя сэрцы. Плён малітвы неабавязкова праяўляецца адразу ж, бо «ў Пана адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень. Не марудзіць Пан з выкананнем абяцання, як некаторыя лічаць гэта марудлівасцю, але Ён доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння» (1 П 3, 8–9).

Калектыў выдавецтва спадзяецца, што духоўныя тэксты гэтых навэннаў, літаній і вяночкаў да Пана Бога, Маці Божай, святых і благаслаўлёных, упершыню сабраныя пад адною вокладкаю, дапамогуць вернікам узмацняць свой давер да Пана, выпрацоўваць пакору і вытрываласць у малітве, зноў і зноў адважна прыносіць да Бога ў малітве ўсе свае цяжкасці, сумневы і просьбы.

Пазнаёміцца з кнігаю і набыць яе можна будзе найперш на фэстах у Будславе, Тракелях, Гудагаі, Браславе, а таксама звярнуўшыся да пробашчаў парафій і ў парафіяльныя кіёскі.

Абноўлена 21.06.2024 17:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця