Пошук

17.01.2020 14:57   Catholic.by
Ілюстрацыйная выява. Фота Віталія Палінеўскага.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, які таксама ўзначальвае ў епіскапаце камісію Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, тлумачыць, якую паставу належыць прымаць вернікам падчас малітвы «Ойча наш» на святой Імшы.

16 студзеня на рускамоўным партале Dominus.by (гэты праект рэалізуе група каталіцкіх энтузіястаў з Мінска) з’явіўся матэрыял адносна недапушчальнасці таго, каб свецкія вернікі на святой Імшы падчас малітвы «Ойча наш» трымалі рукі, узняўшы іх у «жэсце Аранты».

Паколькі матэрыял выклікаў шырокі рэзананс і цэлы шквал супярэчных меркаванняў у каментарах, Catholic.by звярнуўся з просьбай аб кампетэнтным тлумачэнні на гэтую тэму да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які не толькі ўзначальвае беларускі каталіцкі епіскапат, але і адказвае ў ім за пытанні, звязаныя з Божым культам і літургіяй Касцёла.

— Да мяне ўжо неаднойчы звярталіся з падобным пытаннем, хоць, на першы погляд, тут не павінна ўзнікаць непаразуменняў, — сказаў іерарх. —

Жэсты і паставы цела ўдзельнікаў Эўхарыстыі апісаны ў галоўнай літургічнай кнізе Касцёла «Рымскім Імшале». У агульных уводзінах да «Рымскага Імшала» сказана, што цэлебрацыя Імшы — гэта дзеянне Хрыста і іерархічна ўпарадкаванага Божага народа, таму важна так яе наладзіць, «каб духоўныя служыцелі і вернікі, беручы ў ёй удзел адпаведна свайму становішчу, здабылі больш тых пладоў, дзеля атрымання якіх Хрыстус Пан устанавіў эўхарыстычную ахвяру свайго Цела і сваёй Крыві і даверыў яе Касцёлу <…> як успамін пра сваю муку і змёртвыхпаўстанне» (пар. АУРІ 16–17).

Жэстам і паставам цела ў агульных уводзінах прысвечана некалькі пунктаў (гл. АУРІ 42–44), бо гэта важны момант падчас кожнай цэлебрацыі Імшы. Там сказана, што неабходна браць пад увагу гэтыя прадпісанні і традыцыйную практыку рымскага абраду, якія спрыяюць агульнай духоўнай карысці Божага народа больш, чым задавальненню прыватных схільнасцяў і жаданняў.

Варта звярнуць увагу на тое, што «аднолькавая пастава цела, якая павінна захоўвацца ўсімі ўдзельнікамі, — гэта знак еднасці членаў хрысціянскай супольнасці, сабраных на святую Літургію, бо яна выяўляе і падтрымлівае думкі і пачуцці ўдзельнікаў.<…> Для дасягнення аднастайнасці ў жэстах і паставах цела падчас адной і той жа цэлебрацыі вернікі павінны слухацца настаўленняў, якія даюць дыякан, свецкі прыслугоўваючы ці святар згодна з нормамі, устаноўленымі ў Імшале» (пар. АУРІ 42–43).

Што ж нам гаворыць Імшал адносна жэстаў падчас малітвы «Ойча наш»? «Пасля эўхарыстычнай малітвы святар, звёўшы рукі, гаворыць заклік да малітвы Панскай. Гэтую малітву, развёўшы рукі, ён прамаўляе разам з народам» (АУРІ 152).

Прадпісанне разводзіць рукі падчас малітвы «Ойча наш», як, зрэшты, і іншых малітваў падчас святой Імшы, датычыцца толькі святара, які яе цэлебруе.

Згодна з традыцыйнай практыкай рымскага абраду вернікі не паўтараюць жэстаў святара, а моляцца, склаўшы рукі ў агульнапрынятым малітоўным жэсце. Такую самую паставу цела захоўваюць дыяканы і іншыя прыслугоўваючыя. Нідзе не сказана, што яны павінны маліцца з разведзенымі рукамі, як кажуць, «у жэсце Аранты»: ні падчас малітвы «Ойча наш», ані падчас іншых імшальных малітваў.

Вядома, што ў некаторых малітоўных групах і рухах існуе практыка маліцца з разведзенымі ці ўзнятымі ўгору рукамі, або таксама трымаючыся за рукі. Такім чынам вернікі могуць маліцца і ў сябе дома, калі ім гэта больш адпавядае. Аднак падчас святой Імшы ў касцёле няма месца для «самадзейнасці». Мы ўсе ўтвараем у Хрысце адно цела, і нашыя жэсты падчас Эўхарыстыі павінны гэта выяўляць. Пры нагодзе нагадваю таксама пра нарматыўны характар зацверджаных літургічных тэкстаў: іх таксама ніхто не мае права змяняць паводле свайго ўпадабання.

Таму як біскуп заклікаю ўсіх вернікаў да захавання еднасці падчас літургіі, у тым ліку ў літургічных тэкстах, жэстах і паставах цела, каб не было паміж намі падзелаў.

Пра гэта асабліва актуальна нагадаць цяпер, напярэдадні тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў, — зазначыў арцыпастыр.

Абноўлена 17.01.2020 15:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа