25 студзеня, у свята Навяртання святога апостала Паўла, у Мінску і Бабруйску з удзелам каталіцкіх іерархаў і прадстаўнікоў розных хрысціянскіх супольнасцяў пройдуць набажэнствы за адзінства хрысціянаў.
Такія набажэнствы традыцыйна адбываюцца штогод у межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў, які праходзіць ва ўсім свеце з 18 па 25 студзеня.
- У мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі пасля святой Імшы ў інтэнцыі адзінства хрысціянаў, якая распачнецца ў 18.30, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліць цэлебрацыю набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій нашай краіны.
- У бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі набажэнства за адзінства хрысціянаў правядзе Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Пачатак набажэнства ў 18.45. Яму будзе папярэднічаць святая Імша, цэлебрацыю якой а 18-й гадзіне ўзначаліць іерарх.
Тэма сёлетняга Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў — «Будзьма ласкавыя» (пар. Дз 28, 2). Адпаведныя матэрыялы на Тыдзень малітваў былі падрыхтаваныя хрысціянскімі Цэрквамі на Мальце і Гоцо.
10 лютага хрысціяне на Мальце адзначаюць свята на ўспамін караблекрушэння, у якое патрапіў святы Павел. Яны ўспамінаюць абставіны, пры якіх апостал Павел апынуўся на востраве: буру, караблекрушэнне і цуд са змяёй (гл. Дз 27, 9 – 28, 6), i дзякуюць за тое, што хрысціянская вера прыйшла на Мальту.
Разважанні, размеркаваныя на восем дзён, і набажэнствы засяроджваюцца на тэкстах з Дзеяў Апосталаў.
Матэрыялы на Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў ТУТ>>>