Пошук

15.01.2019 14:46   Catholic.by

Ілюстрацыйнае фота. niedziela.pl

Першыя ідэі міжканфесійнай малітвы за адзінства хрысціянаў з’явіліся ў ХІХ стагоддзі. Таму можна казаць, што гэты Тыдзень малітваў мае больш як стогадовую гісторыю, у сувязі з чым стала ўжо традыцыяй адзначаць гэтае «свята экуменізму».

Кожны год паміж 18 і 25 студзеня — паміж даўнім святам катэдры св. Пятра і святам навяртання св. Паўла, апостала, — хрысціяне розных канфесій збіраліся разам па ўсім свеце на экуменічнае набажэнства, малітвы, канферэнцыі, канцэрты і іншыя сустрэчы. Дзе-нідзе ў гэтым кірунку праводзіцца так шмат розных мерапрыемстваў, што Тыдзень малітвы, насуперак сваёй назве, працягваецца нашмат даўжэй: некалькі тыдняў ці нават месяц.

Адной з ініцыятываў на працягу Тыдня малітваў з’яўляецца гасцінны «абмен прапаведнікамі»: падчас экуменічнага набажэнства ў святыні адной канфесіі прамаўляюць духоўныя прадстаўнікі іншых веравызнанняў.

Штогод на Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў рыхтуюцца матэрыялы з біблейскіх тэкстаў, разважанняў і малітваў.

Сёлета тэмай Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў, абранай Касцёлам з Інданэзіі, з’яўляецца імкненне да справядлівасці.

Гэтая тэма важная з прычыны паўтарэння сітуацый, якія прыносяць падзелы, канфлікты, узмацняюць беззаконне, павялічваюць несправядлівасць. Нашае пакліканне як членаў Цела Хрыста — імкнуцца да адзінства і справядлівасці і ўвасабляць іх у жыццё.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, для католікаў цэнтральным набажэнствам з’яўляецца экуменічная малітва, якую штогод у базыліцы св. Паўла за Мурамі ўзначальвае Пантыфік. Сёлета ўрачыстыя Нешпары пройдуць 18 студзеня — на пачатку (а не так, як гэта зазвычай прынята, напрыканцы) Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў. Змена выклікана тым, што 25 студзеня папа Францішак будзе знаходзіцца ў Панаме на Сусветных днях моладзі. У ватыканскай экуменічнай малітве возьмуць удзел прадстаўнікі прысутных у Рыме хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў.

Адпаведныя набажэнтвы аб адзінстве хрысціянаў пройдуць таксама і ў Беларусі.

Св. Пётр і св. Андрэй. Ікона двух братоў-апосталаў з’яўляецца сімвалам адзінства хрысціянаў Захаду і Усходу. mauroleonardi.it

Дэкрэт Другога Ватыканскага Сабору пра экуменізм Unitatis redintegratio таксама падкрэслівае неабходнасць маліцца аб адзінстве, тлумачачы пры гэтым, што сапраўднае паяднанне немагчыма, калі чалавек будзе імкнуцца да яго, спадзеючыся толькі на ўласныя сілы і магчымасці.

«<...> Сабор сцвярджае сваю свядомасць, што гэты святы намер прымірэння ўсіх хрысціянаў у еднасці аднаго i адзінага Хрыстовага Касцёла пераўзыходзіць чалавечыя сілы i здольнасці.

Таму цалкам спадзяецца на малітву Хрыста за Касцёл, на любоў Айца да нас і на моц Духа Святога. „Надзея не асароміць, таму што любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам“ (Рым 5, 5)» (UR 24).

Але, нягледзячы на жаданне прымірэння і супольнай малітвы з іншымі канфесіямі, заахвочвання, каб ініцыятывы сыноў Каталіцкага Касцёла развіваліся ў саюзе з ініцыятывамі адлучаных ад нас братоў і каб не было ніякіх перашкодаў на шляхах Провіду, а будучыя натхненні Духа Святога не мелі ніякай страты, Касцёл адначасова імкнецца нагадаць сваім вернікам пра неабходнасць таго, каб не заблукалі падчас супольных ініцыятыў з тымі, хто не знаходзіцца ў лучнасці са святым, каталіцкім і апостальскім Касцёлам.

«Святы Сабор заклікае вернікаў устрымлівацца ад усялякай легкадумнасці i неразважлівай стараннасці, якія могуць перашкодзіць сапраўднаму развіццю еднасці.

Бо іх экуменічная дзейнасць не можа быць іншай, як толькі цалкам i сапраўды каталіцкай, г.зн. вернай праўдзе, якую мы атрымалі ад Апосталаў і айцоў, i згоднай з верай, якую заўсёды вызнае Каталіцкі Касцёл і якая вядзе да той паўнаты, да якой Пан жадае з цягам часу прывесці сваё Цела» (UR, 24).

Тэксты для набажэнстваў на Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў ТУТ>>>

Абноўлена 18.01.2019 11:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.