Пошук

17.05.2024 14:48   Vatican News BY / Catholic.by
Фота: Vatican Media

16 мая Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Мітрапаліта Агафангела і дэлегацыю Афінскага тэалагічнага калегіума з Грэцыі.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, нагодай для сустрэчы стала 20-годдзе супрацоўніцтва паміж Апостолікі Діаконіа Грэчаскай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкім камітэтам па культурным супрацоўніцтве Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Падчас сустрэчы Папа Францішак заўважыў, што, нягледзячы на выклікі двух апошніх дзесяцігоддзяў, пазначаных эканамічным крызісам у Грэцыі і пандэміяй, гэтыя дзве структуры шмат працавалі разам для рэалізацыі праектаў у культурнай і адукацыйнай сферах, з асаблівай увагай да культурнай, тэалагічнай і экуменічнай фармацыі новых пакаленняў.

«Сапраўды, менавіта маладыя людзі, падтрыманыя надзеяй, заснаванай на веры, могуць разарваць ланцугі крыўдаў, неразумення і забабонаў, якія стагоддзямі трымалі ў палоне католікаў і праваслаўных, не дазваляючы ім прызнаць адзін аднаго братамі, адзінымі ў разнастайнасці, здольнымі сведчыць аб любові Хрыста, асабліва ў гэтым свеце, такім падзеленым і поўным канфліктаў», — сказаў Святы Айцец.

Пантыфік выказаў сваю радасць з той прычыны, што таксама бліжэйшым летам Афінскі тэалагічны калегіум прыме групу каталіцкіх студэнтаў для вывучэння імі сучаснай грэчаскай мовы і знаёмства з Праваслаўнай Царквой. «Ад усяго сэрца выказваю вам найлепшыя пажаданні працягу гэтага плённага супрацоўніцтва», — сказаў Папа Францішак, заўважыўшы, што, «ідучы разам, працуючы разам і молячыся разам, мы рыхтуемся атрымаць ад Бога дар адзінства», які як плён Святога Духа будзе адзінствам і гармоніяй у разнастайнасці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця