У межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, які завяршыўся 25 студзеня, у Рыме праходзіла спецыяльная экуменічная сустрэча, у якой бралі ўдзел 50 англіканскіх і каталіцкіх біскупаў.
Як паведаміла Польская рэдакцыя Vatican News, Папа Францішак і арцыбіскуп Кэнтэрберыйскі Джасцін Уэлбі здзейснілі рассыланне ў свет удзельнікаў сустрэчы, каб яны былі ў ім сведкамі адзінства хрысціянаў. Гэта адбылося падчас экуменічных Нешпараў у базыліцы святога Паўла за мурамі. Гэтым набаджэнствам, у якім у свята навяртання святога апостала Паўла бралі ўдзел прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій, завяршыўся Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў.
Як паведаміла Каталіцкае агенцтва навін CNA, у экуменічных Нешпарах у рымскай базыліцы святога Паўла за мурамі акрамя Папы Францішка і арцыбіскупа Джасціна Уэлбі, бралі ўдзел Мітрапаліт Палікарп з Італіі, прадстаўнік Канстанцінопальскага Экуменічнага Патрыярхату, прадстаўнікі яшчэ некалькіх хрысціянскіх супольнасцяў і экуменічных рухаў, кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, іншыя супрацоўнікі Рымскай Курыі і вернікі.
Гэтая падзея «паказвае, як шмат было зроблена за амаль 65 гадоў пасля Другога Ватыканскага Сабору; [раней] мы былі разлучаныя стагоддзямі»,
— сказаў Ватыканскаму радыё арцыбіскуп Ен Эрнэст, асабісты прадстаўнік арцыбіскупа Кэнтэрберыйскага пры Апостальскай Сталіцы.
Ён падкрэсліў, што гэтая сустрэча стала момантам камуніі паміж двума хрысціянскімі лідэрамі, «камуніі паміж сабой і камуніі з Богам». Гэта сведчанне свету, што, нягледзячы на стагоддзі падзелаў, мы можам быць разам ля магілы святога Паўла.
Арцыбіскуп Эрнэст дадаў, што святы апостал Павел мае вялікае значэнне для ўсяго Касцёла.
«Ён быў місіянерам сярод народаў, які ўчыніў Касцёл жывой установай, якая абвяшчае Добрую Навіну Езуса Хрыста, перадаючы сваё пасланне, каб свет перамяніўся і жыў у Божым Валадарстве», — падкрэсліў прадстаўнік арцыбіскупа Кэнтэрберыйскага пры Апостальскай Сталіцы.
Экуменічныя Нешпары сталі чарговым крокам у працяглым і плённым супрацоўніцтве паміж Рымам і Кэнтэрберы.
Перад гэтым Пантыфік прыняў на аўдыенцыі арцыбіскупа Уэлбі і яго жонку. Прадстаўнік іерарха нагадаў аб тым, як падчас папярэдняга візіту ў Рым у верасні мінулага года арцыбіскуп Уэлбі сказаў, што мы жывем у разгар «экуменічнай вясны».
Арцыбіскуп Ен Эрнэст адзначыў, што быў сведкам развіцця сяброўства паміж Папам Францішкам і арцыбіскупам Кентэрберыйскім. «Яны развіваліся разам, калі былі прызначаны на свае пасады ў адзін і той жа год, і кожны сутыкаўся з рознымі праблемамі на сваёй кіруючай пасадзе», — падзяліўся арцыбіскуп Ян Эрнэст. — [Абодва] мелі патрэбу ў моцных повязях сяброўства, узаемнага даверу і ўзаемнай удзячнасці».