Пошук

30.04.2018 11:54   Паводле: Libreria Editrice Vaticana / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
© AFP or licensors

29 красавіка перад малітвай «Уладарка неба» папа Францішак заяродзіў увагу сабраных на плошчы Святога Пятра вернікаў на неабходнасць падтрымліваць арганічную еднасць з Хрыстом, каб зрабіць хрысціянскае жыццё па-сапраўднаму плённым.

Тлумачачы евангельскі тэкст, у якім Езус кажа пра сябе як пра сапраўдную лазу і заклікае заставацца ў еднасці з Ім, каб прынесці шмат пладоў (пар. Ян 15, 1–8), Святы Айцец падкрэсліў, што сувязь, выказаная словамі «заставацца ў Пану», з’яўляецца таямніцай хрысціянскага жыцця.

«Маецца на ўвазе заставацца з Панам, каб знайсці мужнасць выйсці з саміх сябе, са сваіх выгодаў, са сваёй абмежаванай і абароненай прасторы, каб выйсці ў адкрытае мора патрэбаў іншых людзей і напоўніць дыханнем нашае хрысціянскае сведчанне ў свеце. Гэтая мужнасць выхаду з сябе і заглыблення ў патрэбы іншых людзей нараджаецца з веры ва Уваскрослага Пана і з упэўненасці ў тым, што Яго Дух вядзе нашую гісторыю.

Адзін з найбольш спелых плёнаў нашага з’яднання з Хрыстом — гэта, сапраўды, справы міласэрнасці ў адносінах да бліжняга, з самаахвярнай любоўю да братоў, ажно да канца: так, як Езус палюбіў нас.

Механізм любові верніка — гэта не вынік нейкай стратэгіі, ён не запускаецца пад уплывам нейкіх знешніх фактараў, з грамадскіх ці ідэалагічных меркаванняў, але пачынае дзейнічаць дзякуючы сустрэчы з Езусам, калі застаешся ў Езусе. Ён для нас становіцца лазою, з якой мы п’ем жыццядайны сок, гэта значыць «жыццё», каб несці ў грамадства іншы спосаб жыць і служыць, які на першае месца ставіць апошніх», — адзначыў Пантыфік.

Той, хто ўваходзіць ва ўнутраную еднасць з Панам так, як унутрана з’яднаныя паміж сабою лаза і галіны, становіцца здольным прыносіць плён новага жыцця, міласэрнасці, справядлівасці і міру, якія паходзяць з Уваскрасення Пана. Менавіта так на думку Папы рабілі святыя, якія ў паўнаце жылі хрысціянскім жыццём і сведчаннем міласэрнай любові, таму што сталі сапраўднымі галінамі вінаграднай лазы Пана. Пры гэтым наступнік Пятра нагадаў словы са сваёй апошняй адгартацыі Gaudete et exsultate, што для таго, каб стаць святымі, неабавязкова быць біскупамі, святарамі або манахамі, таму што ўсе пакліканыя стаць святымі, з любоўю жывучы і даючы кожны ўласнае сведчанне ў сваіх штодзённых занятках і на сваім месцы (пар. адгартацыя Gaudete et exsultate, 14).

«Усе мы пакліканыя стаць святымі; мы павінны стаць святымі дзякуючы таму багаццю, якое атрымліваем ад увскрослага Пана. Кожная дзейнасць — праца і адпачынак, сямейнае і грамадскае жыццё, выкананне палітычных, культурных і эканамічных заданняў — кожная дзейнасць, як малая так і вялікая, калі мы перажываем яе ў еднасці з Езусам і ў духу любові і служэння, становіцца нагодаю ў поўнай меры жыць хростам і евангельскай святасцю», — сказаў папа Францішак.

На заканчэнне гэтага кароткага казання ён звярнуўся з просьбай да Марыі, Каралевы ўсіх святых, каб Яна сама навучыла вернікаў заставацца ў Езусе, як галіны з’яднаныя з лазою, і ніколі не быць адлучанымі ад Яго любові. «Сапраўды, мы нічога не можам без Яго, таму што нашае жыццё — гэта жывы Хрыстус, які прысутнічае ў сваім Касцёле і ў свеце», — сказаў пастыр Паўсюднага Касцёла, пасля чаго разам з усімі прысутнымі, сярод якіх было вельмі шмат пілігрымаў, узнёс малітву «Валадарка неба».

Пасля малітвы Святы Айцец зноў узяў слова і нагадаў, што напярэдадні ў польскім Кракаве была абвешчана благаслаўлёнай Ганна Хшаноўская, свецкая верніца, якая прысвяціла сваё жыццё апецы хворых, у якіх яна бачыла аблічча церпячага Езуса. Папа падзякаваў Богу за сведчанне гэтай апосталкі хворых і заклікаў вернікаў браць з яе прыклад.

Адносна станоўчага выніку міжкарэйскага саміта, які адбыўся ў мінулую пятніцу, Пантыфік зазначыў, што Карэйскі паўвостраў павінен стаць вольным ад ядзернай зброі.

Кіраўнік Касцёла моліць Пана аб тым, каб надзеі на мірную будучыню і яшчэ больш братэрскае сяброўства не былі падманутыя і каб супрацоўніцтва паміж абедзьвюма часткамі падзеленай краіны працягвалася, прыносячы добры плён карэйскаму народу і ўсяму свету.

Узгадаўшы напад, ад якога на мінулым тыдні зноў пацярпела хрысціянская супольнасць у Нігерыі, Святы Айцец даручыў міласэрнаму Богу гэтых братоў, каб Ён дапамог супольнасцям, якія перажылі такое цяжкае выпрабаванне, адшукаць згоду і мір.

На заканчэнне папа Францішак нагадаў вернікам, што 1 мая ён мае намер распачаць Марыйны месяц пілігрымкаю ў санктуарый Маці Божай Любові. Там ён плануе памаліцца Ружанец, асаблівым чынам просячы міру ў Сірыі і ва ўсім свеце. Святы Айцец заклікаў усіх духоўна яднацца ў гэтай малітве і на працягу ўсяго месяца мая маліцца Ружанец за мір.

Абноўлена 30.04.2018 13:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця