10 красавіка прэс-сакратар Святога Айца Грэг Бурке паведаміў, што ў маі папа Францішак мае намер наведаць санктуарый Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Божай Любові, у Рыме, а таксама сустрэцца з прадстаўнікамі Неакатэхуменальнага шляху.
Візіт Святога Айца ў рымскі марыйны санктуарый запланаваны на 1 мая, каб там ружанцовай малітвай перад Маці Божай Любові даць старт месяцу, які ў Касцёле асаблівым чынам прысвечаны Марыі.
5 мая Пантыфік мае намер узяць удзел у міжнароднай сустрэчы ўдзельнікаў Неакатэхуменальнага шляху ў рымскім універсітэце Тор Вэргата, якая пройдзе з нагоды набліжэння 50-годдзя заснавання гэтага касцёльнага руху, што аб’ядноўвае мільёны вернікаў ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі. Неакатэхуменальны шлях быў заснаваны ў 1964 г. у Мадрыдзе (Іспанія) з мэтаю паглыбленай фармацыі хрысціянаў у падрыхтоўцы да хросту і пасля яго.
Папа Францішак упершыню наведае санктуарый Маці Божай Любові, які складаецца з некалькіх сакральных будынкаў: старога касцёла, пабудаванага ў 1745 г., і новага, узведзенага ў 1999 г. па ініцыятыве св. Яна Паўла ІІ, які ўпершыню наведаў санктуарый 1 мая 1979 г., праз паўгады пасля свайго абрання на пасад св. Пятра.
Згодна з традыцыяй, першы касцёл быў пабудаваны на месцы цудоўнага ацалення, што адбылося ў 1740 г., калі чалавек, на якога напалі і моцна паранілі сабакі, звярнуўся з просьбай аб заступніцтве да Найсвяцейшай Панны Марыі. У ХІІІ ст. на гэтым месцы быў замак з абарончымі мурамі і вежамі, ад якога да нашага часу засталася толькі адна вежа з сярэднявечнай фрэскай Багародзіцы з Дзіцем.
На працягу гадоў многія Рымскія Пантыфікі наведвалі санктуарый, каб прасіць заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі. Падчас ІІ сусветнай вайны тут маліўся таксама папа Пій ХІІ, які ў цяжкія часы прасіў Марыю аб абароне горада Рыма.
11 чэрвеня 1944 г. перад вялікім сходам вернікаў Пій ХІІ надаў гэтаму абразу Багародзіцы тытул Salvatrice dell’Urbe, што азначае «Выратавальніца Горада».
Молячыся ў гэтым месцы 1 мая 2006 г., папа Бэнэдыкт XVI сказаў, што яму было вельмі прыемна маліцца Ружанец у санктуарыі Маці Божай Любові, «у якім знайшла выраз пабожная прывязанасць да Дзевы Марыі, закаранёная ў душы і ў гісторыі народа Рыма».