9 студзеня заснавальніку Неакатэхуменальнага шляху Кіко Аргуэла споўнілася 80 гадоў. Папа Францішак з гэтай нагоды скіраваў яму асабістае пасланне.
«Няхай Бог аддзячыць табе за ўсё дабро, якое ты робіш у Касцёле», — піша ў ім Святы Айцец, як паведамляе італьянская рэдакцыя Vatican News.
«Дарагі брат, не хачу, каб ты правёў гэты дзень без дасланых табе радкоў блізкасці і братэрскай падзякі за твае 80 гадоў. Дзякую Богу, які выбраў цябе, і дзякую табе за тваю вернасць.
Няхай Пан Бог аддзячць табе за ўсё дабро, якое ты робіш у Касцёле. Я блізкі да цябе, малюся і падтрымліваю цябе. З днём нараджэння!
Спадзяюся, што ўдзельнікі шляху зробяць табе торт з 80-ю свечкамі. І, калі ласка, не забывайся маліцца за мяне. Няхай Езус благаслаўляе цябе і Найсвяцейшая Панна цябе абараняе. Твой брат, які любіць цябе і захапляецца табою, Францішак», — падпісаў сваё пасланне юбіляру Пантыфік.
Кіко гэты жэст Папы прыняў з вялікім энтузіазмам і ўжо ўчора падзякаваў Папу за словы, якія той яму скіраваў у аўторак раніцай падчас св. Імшы ў Доме святой Марты, калі дзякаваў за апостальскую стараннасць з якой Кіко працуе ў Касцёле». Кіко, які разам з кс. Марыё Пэццы і Марыяй Асэнсьён Рамэра з’яўляецца адказным за Шлях на міжнародным узроўні, падзякаваў Папу і запэўніў яго ў сваіх цёплых пачуццях і блізкасці, а таксама ў сваёй малітве за яго служэнне на пасадзе св. Пятра.
Апошняя сустрэча папы Францішка з Кіко Аргуэла адбылася 5 мая мінулага года, калі Неакатэхуменальны шлях адзначыў на плошчы Тор-Вергата 50-годдзе заснавання сваіх першых супольнасцяў у Рыме. З гэтай нагоды Папа, гаворачы пра моц абвяшчэння Евангелля у неакатэхуменальным шляху, у сваёй прамове сказаў: «Не маюць значэння пераканаўчыя аргументы, але жыццё, якое прыцягвае; не здольнасць павязаць сваю думку, але мужнасць служэння.
І вы ў сваіх „генах“ маеце гэтае пакліканне абвяшчаць, жывучы ў сям’і па прыкладзе Святой Сям’і: у пакоры, прастаце і праслаўленні. Занясіце гэтую сямейную атмасферу ў тыя шматлікія месцы, дзе няма радасці і любові».
Неакатэхуменальны шлях з’яўляецца праграмай хрысціянскага ўтаямнічання і на сённяшні дзень прысутнічае ў 134 краінах на пяці кантынентах з тысячамі супольнасцяў, у тым ліку і ў Беларусі. Ён узнік у 60-х гадах мінулага стагоддзя у трушчобах Паламерас-Альтас на ўскраінах Мадрыда.