Пошук

31.01.2018 15:46   Паводле: Алессандро Дзі Буссала – Vatican News / Фота: Vatican Media / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

У сваёй першай катэхезе на тэму Літургіі слова, прамоўленай сёння падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, папа Францішак нагадаў, што ў Святым Пісанні Бог размаўляе са сваім народам, а таму нельга прапускаць або замяняць чытанні, прадугледжаныя ў Лекцыянарыі.

У Літургіі слова Бог «ужывую» прамаўляе да нас і заклікае, «каб мы слухалі Яго з верай», сказаў Святы Айцец. Паколькі гэта сам Бог размаўляе са сваім народам, забаронена выбіраць чытанні «на свой густ»: тэксты, пададзеныя ў Лекцыянарыі, якія чытаюцца перад усім народам, ствараюць касцёльную еднасць-камунію і спадарожнічаюць нам на супольным шляху.

Калі ты размаўляеш, то не чуеш Божага слова

Сабраныя для таго, каб паслухаць, што Бог зрабіў і яшчэ мае намер зрабіць для нас, не будзем губляць гэтую магчымасць, устаўляючы свае каментары або размаўляючы, але ў цішыні адкрыем сэрца, каб пачуць слова і каб потым уцелавіць у жыццё тое, што пачулі.

«Нам трэба слухаць! Гэта сапраўды жыццёва важна, як нагадваюць нам выразныя словы, што „не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Пана“. Гэта жыццё, якое нам дае слова Божае. У гэтым сэнсе мы гаворым пра Літургію слова як пра „стол“, які Пан накрывае для нас, каб сілкаваць наша духоўнае жыццё».

Не замяняць Слова чымсьці іншым

Рэспансарыйны псальм, як падкрэсліў Святы Айцец, пакліканы спрыяць разважанню над тым, што было пачута ў папярэднім чытанні. Таму «пажадана, каб псальм або прынамсі рэфрэн спяваўся». Самі літургічныя чытанні выражаюць і падтрымліваюць касцёльную еднасць-камунію, суправаджаючы ўсіх і кожнага на супольным шляху.

«Таму зразумела, чаму забаронена па ўласным жаданні прапускаць або замяняць чытанні небіблейскімі тэкстамі. А я чуў, што хтосьці, калі ёсць нейкая цікавая навіна, чытае газету, таму што гэта надзённая інфармацыя. Не!

Божае слова — гэта Божае слова! Газету можна пачытаць і пазней. А тут чытаецца Божае слова. Тут Пан гаворыць з намі».

Замяняць Слова чымсьці іншым значыць збядняць і разбураць дыялог паміж Богам і Яго народам у малітве.

Лектары павінны рыхтавацца

Акрамя таго, Папа звярнуў увагу на годнасць амбоны і Лекцыянарыя, а таксама на неабходнасць мець добрых лектараў і кантараў, «якія павінны рыхтавацца з дапамогай рэпетыцый». Так ствараецца атмасфера цішыні, неабходная для ўспрымання.

«Мы ведаем, што слова Пана — гэта неабходная дапамога, каб не згубіцца», гэта — светач для нашых крокаў і святло на нашым шляху.

«Як бы мы маглі ісці шляхам нашага зямнога вандравання з усімі яго цяжкасцямі і выпрабаваннямі, калі б нас няспынна не насычала і не асвятляла Божае слова, што гучыць падчас літургіі?

Вядома, недастаткова толькі слухаць вушамі, не прымаючы ў сэрца насенне Божага слова і не дазваляючы ім прыносіць плён. Слова Божае праходзіць у нас шлях. Мы слухаем яго вушамі, адтуль яно трапляе ў сэрца; яно не застаецца толькі ў вушах, а павінна дасягнуць сэрца і з сэрца перайсці ў рукі, у добрыя справы. Гэта шлях, які праходзіць Божае слова: з вушэй да сэрца і ў рукі. Будзем гэта ведаць».

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі папа Францішак прывітаў біскупаў з Беларусі, якія сёння распачынаюць візіт ad limina Apostolorum, а таксама нагадаў, што сёння ў Касцёле адзначаецца ўспамін св. Яна Боско, айца і настаўніка моладзі, і заклікаў юнакоў і дзяўчат «глядзець на яго як на ўзор выхавацеля».

Абноўлена 01.02.2018 11:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.