Айцец і Настаўнік
Кожны салезіянін пасля вечных манаскіх абяцанняў атрымлівае з рук настаяцеля адмысловы салезіянскі крыж, які нагадвае яму пра жар любові, якую ён абяцаў Богу і моладзі.
Крыж салезіянаў не зусім звычайны: на ім няма ўкрыжаванага Хрыста, а змешчана выява Добрага Пастыра, які з пяшчотаю прытуляе заблукалую авечку.
Добры Пастыр — гэта вобраз салезіянскай духоўнасці і харызмы, у якім мы бачым не толькі нашага Збавіцеля, але і св. Яна Боско — таго, хто дакладна адлюстраваў гэты святы вобраз у сваім жыцці і пакліканні. Трэцяя асоба, якую салезіянін бачыць у выяве Добрага Пастыра, — гэта ён сам. Мы бачым сябе ў гэтай выяве і, нягледзяючы на нашы недахопы і слабасці, імкнёмся як мага дакладней перанесці гэты вобраз у нашае асабістае сведчанне жыцця.
З другога боку на крыжы напісана: «Вучыся, каб цябе любілі». Гэтыя словы св. Ян Боско пакінуў як выраз сваёй харызмы. Імкнучыся выклікаць у моладзі пачуццё любові, ён абуджаў у ёй давер і дзякуючы гэтаму скіроўваў яе да Бога. Любоў — гэта падмурак салезіянскай супольнасці. У сэрцы святога заснавальніка салезіянаў было месца для ўсіх: ён атуляў свёй любоўю кожнага, на ўзор Езуса.
У 100-ю гадавіну смерці св. Яна Боско святы папа Ян Павел ІІ напісаў ліст Iuvenum Patris (Айцец і настаўнік моладзі). Гэты тытул у Касцёле замацаваўся за св. Янам Боско, паколькі дакладна перадае харызму святога педагога.
Аднак шлях да айцоўства і быцця настаўнікам душ быў у яго жыцці зусім нялёгкі: беднае жыццё, страта бацькі ў маленстве, перашкоды ў пакліканні і рэалізацыі моладзевай місіі. Але ён пераадольваў перашкоды і ішоў наперад, як мужны капітан, які за сабой вёў шматлікае войска душ.
Вандроўны араторый
Ужо падчас навучання ў семінарыі Ян Боско быў неабыякавы да беднай моладзі і яе патрэбаў. Прамысловы пераварот XIX стагоддзя разам з развіццём вытворчасці вёў да маргіналізацыі найбольш безабаронных сацыяльных груп, асабліва моладзі. Ян Боско быў адным з нешматлікіх духоўных асобаў сваёй эпохі, якія выйшлі на вуліцы і па-сапраўднаму заняліся абвяшчэннем Евангелля на брудных вуліцах. Канчатковае рашэнне прысвяціць сябе занядбалай моладзі святы прыняў пасля досведу пастырскай паслугі ў турме. Бачачы маладых хлопцаў, якія адбывалі пакаранне за розныя злачынствы, ксёндз Боско зразумеў, што трэба зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць такога сцэнарыя ў жыцці тых, хто рызыкаваў паўтарыць гэтыя памылкі.
З гэтай мэтай кс. Боско адкрывае ў Турыне араторый св. Францішка Сальскага — святога, якога ён абраў сабе як прыклад для наследавання і апекуна. Араторый стаў месцам, дзе моладзь збіралася, каб разам праводзіць час, вывучаць катэхізіс, праходзіць школьную праграму і, нарэшце, з’есці смачную булку. Многія хлопцы не мелі бацькоў, а сем’і большасці з іх жылі не ў Турыне, а ў сельскай мясцовасці. Таму араторый стаў для іх домам; месцам, дзе яны адчувалі сябе патрэбнымі і любімымі. Неўзабаве ў араторыі былі арганізаваны начлегі для тых, хто не меў жылля, а таксама невялікая школа.
Справа араторыя таксама далася святому нялёгка. Напачатку гэта быў вандроўны араторый: выхаванцы разам з Донам Боско вандравалі з месца на месца, шукаючы прытулку для вялікай колькасці юнакоў. Большасць людзей глядзелі на святога як на вар’ята. Толькі ўдалая арэнда гаспадарчай пабудовы спадара Пінардзі дапамагла вырашыць гэтую праблему, бо тут знайшлося месца і для капліцы, і для гульняў, і для кухні, а таксама пакоі для першых сіротаў.
Ян Боско збірае хлопцаў з вуліцы, пазнае іх праблемы, апавядае пра Хрыста. Бог адарыў яго незвычайным педагагічным дарам. Ён з лёгкасцю здабываў сэрцы юнакоў, выклікаў у іх давер і лячыў эмацыйныя раны. Аднак поспех сваёй дзейнасці ён ніколі не прыпісваў сабе, але ставіў перад сабой Езуса — галоўнага Выхаваўцу і Сябра душ. Ён жадаў фармаваць менталітэт і сэрца моладзі ў духу Евангелля. На яго думку, выхаваўца павінен рабіць усё, каб яго палюбілі, і стаць для моладзі найбліжэйшым сябрам. Толькі так можна плённа ўздзейнічаць на выхаванцаў і фармаваць Божае аблічча ў іх асобах.
«Будзем называцца салезіянамі»
Бачачы патрэбу сваёй місіі ў Касцёле, ён у 1859 годзе склікае некаторых сваіх выхаванцаў, на якіх мог разлічваць, і прапануе ім супольна заснаваць ордэн выхавацеляў.
«Мы будзем называцца салезіянамі», — сказаў ім св. Ян Боско, ад прозвішча св. Францішка Сальскага, які павінен быў стаць узорам душпастырскай любові для братоў. Праз пэўны час новую супольнасць зацвярджвае сваім аўтарытэтам Касцёл. Шэрагі «арміі» св. Яна Боско павялічваюцца з вялікай хуткасцю. Святы бачыць у гэтым Божую волю і благаслаўленне.
Шчодра адораны Божым Провідам, Ян Боско робіць вялікія цуды, якія збіраюць вакол яго сотні людзей, якія прагнулі часам проста дакрануцца да яго сутаны. Святы вельмі часта быў вымушаны змяняць святарскі строй, таму што падчас вялікіх урачыстасцяў людзі адрывалі кавалкі вопраткі, каб захаваць для сябе ў якасці каштоўнай рэліквіі. Моцай Божай ён адкрываў вочы сляпым, аздараўляў кульгавых і нават уваскрашаў памерлых, якія не паспелі пакаяцца перад адыходам да Пана.
Сярод іншых цудаў святога — размнажэнне каштанаў, каб накарміць хлопцаў у араторыі, а таксама Эўхарыстыі, калі падчас Імшы ў цыборыі не хапіла камунікантаў. Яго вочы, якія называлі «вачыма Бога», чыталі ў сумленні і бачылі будучыню. Але нават нягледзячы на ўсё гэта, сам Дон Боско называў сябе толькі «марнай прыладай у Божай руцэ».
Моладзь і людзей вакол сябе ён запаліў «духоўнасцю шэрых будняў». Святасць ён паказваў душам як самы каштоўны дар, які кожны мае магчымасць здабыць тут, на зямлі. Яго духоўнасць грунтавалася на словах: «Нагамі хадзіце па зямлі, а сэрцам жывіце ў небе». Быць там, куды паслаў мяне Бог, выконваць свае абавязкі старанна і з усмешкай, а разам з тым сэрцам марыць і сумаваць па Небе. Ён прагнуў, каб салезіяне, запаленыя жаданнем Неба, запальвалі гэты агонь у вачах выхаванцаў, а таму часта паўтараў: «Нястомна марце пра Божае Неба!»
«Рэвалюцыя любові»
Асоба св. Яна Боско і яго педагогіка любові не перасталі быць прыцягальнымі і актуальнымі таксама сёння. Гэта святы з чалавечым абліччам, незвычайны нават сярод святых. Яго добразычлівасць і любоў, распаленая ў Італіі ужо больш за 150 гадоў таму, ні на хвіліну не пагасла.
Пасля яго смерці 31 студзеня 1888 г. св. Ян Боско ў сваіх духоўных сынах працягвае распачатую ім калісьці «Рэвалюцыю любові». Ён пакінуў нам штосьці, чаго так не хапала чалавецтву, таму што верыў у кожнага, дадаючы адвагі і напаўняючы мары маладых людзей надзеяй і святлом. Ён назаўжды застаўся «святым з усмешкаю», бо не раз паўтараў: «Сумны святы зусім не святы».
Як жа хутка чалавек можа прызвычаіцца да «новага», яшчэ нядаўна незразумелага, нязгоднага з думкай большасці сучаснікаў. Імкнучыся да новага, мы часам забываемся пра тых, хто быў стваральнікам рэчаіснасці, у якой мы жывём.
Мудрасць Касцёла — каляндар святых, які, нібы напамін на смартфоне, нагадвае пра тых людзей, якія дасягнулі Неба і многіх павялі туды за сабою. Гэтыя героі сваіх часоў таксама не баяліся ісці ў «новае», аднак іх «новае» было новым толькі для іх сучаснікаў, але адвечным у вачах Бога.
Напэўна такім героем свайго часу і быў св. Ян Боско. Сённяшні ўспамін нагадвае пра яго святасць у «новым» стылі — салезіянскім. Няхай святы педагог і сябра моладзі запаліць і ў нашых сэрцах радасны аптымізм у зямным жыцці і моцнае жаданне стаць шчаслівымі жыхарамі Божага Валадарства ў вечнасці.