26 кастрычніка ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце праходзіла Сустрэча моладзі Пінскай дыяцэзіі. Гэтае мерапрыемства з актыўным удзелам маладых людзей адбываецца там не ўпершыню. Аднак у 2025 годзе яно праходзіла ў рамках святкавання галоўных урачыстасцей 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі з удзелам спецыяльнага пасланніка Папы Льва XIV кардынала Клаўдыё Гуджэроці, Прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў.
Адказны за сустрэчу ў Брэсце душпастыр моладзі Пінскай дыяцэзіі ксёндз Павел Рудзьман заахвоціў распачаць сустрэчу супольнай малітвай, пасля чаго адбыўся першы пункт сустрэчы — прэзентацыя гуртоў моладзі.
Гэта была найбольшая па колькасці ўдзельнікаў Сустрэча моладзі Пінскай дыяцэзіі.
Паводле падлікаў, у ёй прыняло ўдзел каля 300 маладых людзей з трох дыяцэзій Беларусі: Пінскай (удзельнікі з парафій Баранавічаў, Брэста, Ганцавічаў, Гомеля, Жабінкі, Лагішына, Ляхавічаў, Новай Мышы, Пелішча, Пінска і Пружанаў, грэка-каталіцкай моладзь з Івацэвічаў), Гродзенскай (моладзь з Астрыны, Гродна, Навагрудка, Слоніма і Смаргоні, семінарысты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне) дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (маладыя людзі з парафій Мінска і Фаніпаля). Прысутнічалі таксама прадстаўнікі з парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Заступніцы ў Варонежы (Расія) і праваслаўная моладзь, дзякуючы чаму сустрэча стала міжнароднай і экуменічнай.
Усе прысутныя замерлі ў чаканні прыбыцця дастойнага ватыканскага іерарха — кардынала Клаўдыё Гуджэроці.
Спецыяльны прадстаўнік Льва XIV, які прыбыў у атачэнні беларускіх іерархаў, сустрэўся каля ўваходу ў касцёл з мэрам Брэста Сяргеем Мікалаевічам Лабадзінскім.
Затым кардынала прывіталі прадстаўнікі моладзі, якія трымалі ў руках духмяны каравай.
Яны нагадалі, што тэма сёлетняй сустрэчы моладзі — «Мы Касцёл Езуса Хрыста» — з’яўляецца адказам маладых людзей на евангельскі заклік, каб быць соллю зямлі і святлом свету (пар. Мц 5, 13.14) «з любоўю і малітвай».
Наступным «крокам» сустрэчы была Літургія Святла і Крыжа, якая мела ўласную назву «Вы святло свету». Ксёндз Рудзьман ад імя моладзі яшчэ раз прывітаў дастойнага госця і папрасіў благаславіць крыж, які будзе выкарыстаны падчас літургіі. Гэты крыж, зроблены, паводле слоў святара, «з дрэва, якое расло тут, на Палессі», нагадвае працэсійны крыж, які выкарыстоўваюць пілігрымы, праходзячы праз браму Базылікі Святога Пятра ў Ватыкане ў юбілейным годзе. Пасля благаслаўлення пасланніка Папы гэты крыж застаўся ў касцёле «як знак лучнасці моладзі з Апостальскай Сталіцай».
Мэр Брэста звярнуўся з віншавальным словам да ўдзельнікаў юбілею і ўручыў кардыналу Гуджэроці і біскупу Дзям'янку каштоўныя падарункі.
У сваім слове пастыр Пінскай дыяцэзіі прывітаў папскага легата ў Брэсце, узгадваючы асноўныя моманты з касцёльнай гісторыі горада, між іншым, пра сусветна вядомую Брэсцкую унію 1596 года, і папрасіў кардынала Гуджэроці правесці для сабранай у касцёле моладзі катэхезу.
Прадстаўнік Святога Айца дзеля усталявання непасрэднага кантакту з аўдыторыяй адмовіўся ад перакладчыка і прамаўляў да маладых людзей па-руску. Катэхеза пад назвай «Быць Касцёлам Хрыста сёння», якую ён правёў, атрымалася цікавай і інтэрактыўнай. Прамоўца задаваў слухачам канкрэтныя пытанні, звязаныя з рэлігійным жыццём, і паабяцаў, што перакажа словы іх адказаў Папу Льву XIV.
Поўны тэкст катэхезы ТУТ>>>
Пасля катэхезы кардынал падышоў да маладых людзей, з якімі адбыўся кароткі прыватны дыялог. Адважная прадстаўніца беларускай моладзі падаравала папскаму пасланніку букет валошкаў ― сімвал краіны, у якую ён прыбыў з Ватыкану.
Распачалася святая Імша, якую ўзначаліў дастойны госць з Рыма. На ёй прысутнічалі Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, Сакратар нунцыятуры мансеньёр Кшыштаф Сэрока, Старшыня ККББ, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і амаль усе каталіцкія іерархі Беларусі, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, каля дваццаці святароў, законны брат і законныя сёстры, семінарысты, моладзь, дзеці і дарослыя вернікі.
У прамоўленай гаміліі прадстаўнік Святога Айца заклікаў прысутных, прыняўшы Божую любоў, з’яднацца дзеля сведчання іншым аб Езусе Хрысце.
Поўны тэкст гаміліі ТУТ>>>
Пасля Малітвы вернікаў моладзь прынесла да алтара дары: Біблію, свечку, соль, мабільны тэлефон, расліну, віно і ваду, а таксама гостыю. Кардынал Гуджэроці, які прымаў дары, па-айцоўску падбадзёрваў кожнага маладога чалавека і дзяўчыну, пляскаючы іх па плячы.
Напрыканцы Імшы біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка падзякаваў прадстаўнікам Святога Пасаду кардыналу Клаўдыё Гуджэроці і нунцыю Іньяцыё Чэффаліа за прысутнасць падчас усіх трох дзён асаблівага святкавання юбілею дыяцэзію. Словы падзякі прагучалі таксама ў адрас іншых прысутных іерархаў, святароў, асабліва дыяцэзіяльнага душпастыра моладзі ксяндза Паўла Рудзьмана, семінарыстаў, кансэкраваных асобаў і вернікаў. Іерарх запрасіў усіх на смачны абед.
Адказваючы на словы іерарха, спецыяльны пасланнік Папы Льва XIV падзякаваў за супольную малітву усім прысутным паводле касцёльнага стану, адзначаючы, што «гэты луг, гэтая квітнеючая паляна Касцёла мае шмат колераў» і дадаў:
«Смачна есці! Біскуп казаў пра добры апетыт, і я таксама скіруюся ў гэтым кірунку, каб паказаць адзінства Касцёла».
Святая Імша з удзелам моладзі завяршылася апостальскім благаслаўленнем, якое ўдзяліў ад імя Льва XIV кардынал Гуджэроці.
Пасля абеду, прыгатаванага мясцовымі вернікамі, праграма для моладзі працягнулася. Прайшлі тэматычныя майстар-класы, якія мелі на мэце адкрыць талент і пакліканне. Маладыя людзі падзяліліся на тэматычныя групы, каб затым прадставіць вынікі сустрэч усім прысутным. Напружаную працоўную атмасферу разрадзіў музычны евангелізацыйны праект «Рыбы».
Арганізатары і ўдзельнікі ўрачыстасцей адзначылі незвычайную, «хатнюю» цеплыню і блізкасць, якая адчувалася ў прысутнасці дастойнага госця з Рыма. Яны спадзяюцца, што радасць і ўспаміны з гэтай незвычайнай сустрэчы надоўга застануцца ў іх памяці і сэрцы.

































































































































