Пошук


1 лютага Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў межах аd limina Apostolorum у поўным складзе сустрэнецца са Святым Айцом.

Пантыфік будзе размаўляць з іерархамі за зачыненымі дзвярыма. Сустрэча будзе доўжыцца каля дзвюх гадзін — з 10.00 да 12.00.

У такім фармаце епіскапат Беларусі сустракаўся з Пантыфікам восем гадоў таму — 17 снежня 2009 г. Бэнэдыкт XVI звярнуўся да іерархаў з пасланнем, у якім заклікаў няспынна абвяшчаць Евангелле, узмацняць еднасць Касцёла, развіваць катэхізацыю і клапаціцца аб новых пакліканнях.

Святы Айцец адзначыў тады важнасць грунтоўнай падрыхтоўкі святароў, супрацоўніцтва з Праваслаўнай Царквой дзеля агульнага дабра вернікаў і пошуку належных адказаў на выклікі нашага часу.

Па традыцыі, у межах візіту аd limina Apostolorum біскупы з усяго свету прыбываюць у Рым. Раней гэта адбывалася кожныя пяць гадоў, падчас апошніх пантыфікатаў радзей. Іерархі прадстаўляюць Папу Рымскаму сітуацыю ў сваіх дыяцэзіях і сустракаюцца з кіраўніцтвам розных дыкастэрый Рымскай курыі.

Перад візітам біскупы рыхтуюць справаздачу пра становішча кожнай дыяцэзіі і ў цэлым у Касцёле ў Беларусі.

У Кангрэгацыі па справах Біскупаў такую справаздачу прадставіць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч; у Кангрэгацыі па справах Духавенства — біскуп Віцебскі Алег Буткевіч; у Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі — Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч; у новай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця — біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка; у Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў — Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек; у Папскай радзе спрыяння хрысціянскаму адзінству — дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзэф Станеўскі; у Кангрэгацыі Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця — дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB; у Кангрэгацыі Веравучэння — дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі; у Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў — Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

31 студзеня беларускія іерархі распачалі візіт Ad limina удзелам у агульнай аўдыенцыі папы Францішка на плошчы св. Пятра.

Пасля катэхезы Святога Айца біскупы падыйшлі да Папы, і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч па чарзе прадставіў Пантыфіку кожнага з іерархаў Беларусі. Таксама Папа благаславіў вуглавы камень пад будаўніцтва новага касцёла ў Гомелі.

1 лютага беларускія біскупы будуць цэлебраваць святую Імшу на алтары ля магілы св. Пятра ў ватыканскай базыліцы, а ў наступныя дні ў іншых трох вялікіх базыліках Рыма. Іх чакае сустрэча ў штаб-кватэры экуменічнай супольнасці св. Эгідзія.

Візіт аd limina Apostolorum біскупаў з Беларусі праходзіць з 31 студзеня па 7 лютага.

Абноўлена 31.01.2018 15:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця