Пошук

12.03.2020 12:40   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Vatican Media

Падчас сустрэчы з французскімі біскупамі, якія з 10 сакавіка знаходзяцца ў Ватыкане з візітам Ad limina Apostolorum, Папа Францішак яшчэ раз падкрэсліў, наколькі разбуральнай з’яўляецца гендарная ідэалогія.

Як паведаміла польская рэдакцыя парталу Vatican News, на думку арцыбіскупа Руанскага Дамініка Лебрэна, Прымаса Нармандыі, гэта стала галоўнай тэмай першай аўдыенцыі, на якой Святы Айцец прыняў епіскапат Францыі ў межах візіту «да Апостальскіх парогаў».

Мітрапаліт Руанскі ўдакладніў, што Папа Францішак працяглы час размаўляў з французскімі біскупамі пра адрознасць палоў. У гэтым кантэксце Пантыфік узгадаў выказванне філосафа Поля Рыкёра, які лічыў, што самая жорсткая тыранія вынікае менавіта з адкідання разнастайнасці.

Папа падкрэсліў, якую вялікую шкоду наносіць гендарная ідэалогія, якая ўнушае людзям, што можна пазбавіцца ад адрознасці палоў.

Ачуняўшы пасля прастуды, Святы Айцец прысвяціў размове з французскімі біскупамі дзве з паловай гадзіны. Напачатку ён папрасіў прабачэння за тое, што з-за пагрозы каранавірусу яны занялі месцы на адлегласці больш за метр адзін ад аднаго. Аднак на заканчэнне сустрэчы Папа не стрымаўся і, парушыўшы санітарныя прадпісанні, асабіста паціснуў руку кожнаму з прысутных.

Арцыбіскуп Лебрэн адзначыў, што становішча Касцёла ў Францыі ніколі не заставалася без увагі Пантыфіка, і тым не менш, ён не ў поўнай меры ўсведамляў сабе рэальны маштаб праблем. Калі Папа казаў, што цяжка быць біскупам, калі ў трох парафіях няма душпастыраў, Мітрапаліт Руанскі павінен быў яго паправіць, адзначыўшы, што ў яго цяпер сямнаццаць парафій, дзе няма святара.

Акрамя таго, французскія біскупы размаўлялі са Святым Айцом пра эпідэмію каранавірусу, а таксама закранулі пытанне крызісу ў эканоміцы і экалогіі. Папа Францішак асабліва настойліва папрасіў біскупаў быць блізкімі да сваіх святароў.

Абноўлена 12.03.2020 13:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа