Пошук

17.11.2022 16:25   Vatican News
Фота: DBK / Cristian Gennari / Romano Siciliani / KNA

Нямецкі епіскапат здзяйсняе візіт ad limina Apostolorum. Іерархі сустракаюцца з кіраўніцтвам структур Рымскай курыі, наведваюць папскія базылікі, а 17 лістапада іх прыме на аўдыенцыі Папа Францішак.

Як са спавылкай на Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва KAI паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупў Германіі біскуп Георг Бэтцінг зазначыў, што падчас візіту нямецкіх іерархаў у Ватыкан будуць адкрыта і шчыра разглядацца тэмы, якія абмяркоўваліся ў межах сінадальнага шляху.

Нямецкія пастыры невыпадкова былі запрошаны ў Рым менавіта цяпер, лічыць кіраўнік епіскапату.

Біскуп Бэтцінг выказаў надзею на тое, што гэта дасць магчымасць дэталёва абмеркаваць спрэчныя пытанні, выкліканыя працэсам, які вядуць сумесна біскупы і свецкія, прадстаўленыя Цэнтральным камітэтам нямецкіх католікаў.

Біскупы Германіі распачалі візіт ad limina Apostolorum 14 лістапада Эўхарыстыяй ля магілы святога Пятра ў Ватыканскіх гротах. У прамоўленай гаміліі біскуп Бэтцінг звярнуў увагу на тое, што галоўны выклік Касцёла на яго радзіме — гэта захаванне адзінства адначасова са спрыяннем навяртанню і аднаўленню.

Іерарх падкрэсліў таксама доўгі гістарычны шлях Касцёла, які з’яўляецца шляхам пасрэдніцтва паміж культурай і верай, шляхам узаемнага ўплыву, крытычнага распазнавання і пранікнення. «Амаль усё, чым сёння захапляюцца людзі ў „хрысціянскім Рыме“ і на „хрысціянскім Захадзе“ з пункту гледжання архітэктурных, мастацкіх, літаратурных, філасофскіх і навуковых дасягненняў, з’яўляецца вынікам узаемнага ўзбагачэння культуры і веры», — сказаў ён.

Біскуп Бэтцінг адзначыў важнасць інкультурацыі веры, якая патрабуе ўважлівага слухання адзін аднаго, уважлівай аргументацыі і шчырага дыялогу паміж сабой.

«Захаваць еднасць, адначасова спрыяючы навяртанню і аднаўленню, — гэта нялёгкі выклік для нашага Касцёла сёння. Але мы павінны адказаць на яго. І менавіта таму цудоўна, што мы, пілігрымы, просім дапамогі ў святых і Божага благаслаўлення ля магіл апосталаў і ў святых месцах», — падкрэсліў старшыня Канферэнцыі біскупаў Германіі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.