Канферэнцыі Біскупаў сямі краін прыбудуць у Рым у бліжэйшыя месяцы ў межах візіту аd limina Аpostolorum. Амаль цэлы год такія візіты не праводзіліся ў сувязі са складанай эпідэмічнай сітуацыяй.
Як са спасылкай на Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, першымі пасля вымушанага перапынку ў Ватыкан прыбудуць біскупы Францыі. Епіскапат гэтай краіны пачаў наведваць структуры Рымскай курыі ў сакавіку 2020 года, але ў сувязі з успышкай каранавірусу візіт трох груп французскіх іерархаў быў адменены. Яны будуць прынятыя ў Ватыкане ў верасні.
Пасля гэтага запланаваны візіт ad limina польскага епіскапату. Біскупы гэтай краіны, падзеленыя на чатыры групы, будуць наведваць ватыканскія ведамствы і сустракацца са Святым Айцом на працягу ўсяго кастрычніка.
Інфармацыйнае агенцтва КАІ заўважыла, што да канца лютага з візітам у Ватыкан прыбудуць таксама біскупы Чэхіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Іспаніі і Люксембурга.
Ad limina Apostolorum — «да апостальскіх парогаў» — гэта перыядычныя візіты біскупаў з усяго свету, падчас якіх яны сустракаюцца з Папам, наведваюць ведамствы Рымскай курыі, абмяркоўваючы розныя аспекты дзейнасці Касцёла ў сваёй краіне. Акрамя таго, іерархі цэлебруюць святыя Імшы ў чатырох папскіх базыліках.