Іерархі Польшчы ўжо восенню павінны паехаць у Рым з візітам ad limina і сустрэцца з Папам Францішкам. Візіт арганізуецца пазапланава.
Як нагадвае польскі партал Deon.pl, кожныя пяць гадоў дыяцэзіяльныя біскупы абавязаны здзяйсняць візіт ad limina Apostolorum (да парогаў Апосталаў) у Рым. Падчас яго іерархі наведваюць ватыканскія профільныя ведамствы (дыкастэрыі) і сустракаюцца з Пантыфікам.
Увосень у Ватыкан скіруюцца таксама польскія біскупы, аднак — як вынікае з інфармацыі Rzeczpospolitej — яны былі выкліканы ў тэрміновым парадку і на падрыхтоўку да візіту атрымалі вельмі мала часу.
Паводле выдання, вестка аб прыездзе польскіх іерархаў з’явілася неўзабаве пасля аўдыенцыі ў Папы Францішка Апостальскага нунцыя ў Польшчы арцыбіскупа Сальваторэ Пэнак’ё, якая адбылася 15 красавіка.
Як паведамілі ў Дзяржаўным сакратарыяце Святога Пасаду, арцыбіскуп Пэнак’ё прыбыў не па запрашэнні, а сам прасіў аб сустрэчы са Святым Айцом. Падчас размовы іерарх прадставіў сітуацыю Касцёла ў Польшчы як крытычную. Пасля гэтай сустрэчы было прынята рашэнне тэрмінова запрасіць польскіх біскупаў в Ватыкан.
Епіскапат Польшчы афіцыйна паінфармаваў пра будучы візіт 14 мая.
«У Ватыкан паступае ўсё больш заявак, якія ўказваюць на занядбанне ўсімі біскупамі пры высвятленні спраў адносна сексуальнага выкарыстання непаўналетніх некаторымі духоўнымі асобамі. Гэта не дзесяць ці адзінаццаць спраў, пра якія пісалі СМІ. Іх нашмат больш», — адзначыла крыніца польскаму выданню Rzeczpospolitа.