Аўтарскія правы на новую кнігу кардынала Філіпа Барбарэна будуць перададзены ахвярам сексуальнага выкарыстання.
Пра гэта са спасылкай на агенцтва AFP і Ліёнскую архідыяцэзію паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ.
У апублікаванай 1 кастрычніка кнізе En mon âme et conscience — «У маёй душы і сумленні» — Ліёнскі арцыбіскуп на пенсіі разважае над яго цкаваннем у СМІ і судовых разбіральніцтвах на працягу чатырох гадоў.
69-гадовы французскі іерарх у студзені быў апраўданы па абвінавачванні ў неданясенні пра сексуальнае выкарыстанне непаўналетніх, учыненае адным са святароў яго архідыяцэзіі яшчэ пры яго папярэдніку на пасадзе арцыбіскупа. Нягледзячы на апраўдальны вердыкт суду, кардынал Барбарэн падаў у адстаўку, а Папа Францішак яе прыняў. Пасля гэтага іерарх скіраваўся на доўгія духоўныя практыкаванні на Святую Зямлю, дзе і з’явілася яго кніга-роздум.
У ёй кардынал прызнаецца, што яго жыццё было разбурана беспадстаўнымі абвінавачваннямі.
«Нягледзячы на абвяржэнне, маё імя стала сімвалам педафіліі. На мяне ўсё яшчэ нападаюць у цягніку ці ў метро… Бо ксёндз-педафіл — гэта найбольшы скандал», — піша былы Прымас Галіі.
Пры гэтым ён зазначае, што разумее гнеў людзей, абураных выпадкамі педафіліі ў Касцёле, і сцвярджае, што з гэтым нельга мірыцца.
Пры гэтым кардынал піша, што з сённяшнім сваім вопытам дакладна рэагаваў бы больш хутка і радыкальна. Ён узгадвае тое, што адбылося ў судзе, калі яго адвакат запытаўся ў мужчыны, які яго абвінавачваў, ці разумее той, што кардынала тры гады «ўтоптвалі ў бруд». На гэта мужчына адказаў: «Так, гэта праўда. А ці ты разумееш, што мы церпім па 30, 40 гадоў?..»
Кардынал Барбарэн прызнаецца, што ніколі не забудзецца пра гэтыя словы. Ён дадае, што сёння да яго часта прыходзяць ахвяры выкарыстання, якім ён стараецца дапамагаць.
«Нельга пакінуць іх адных. Ім трэба мець магчымасць сказаць святару, які іх пакрыўдзіў: „Ты зламаў мне жыццё“. Прычым у прысутнасці сведкаў, каб Касцёл мог пазнаць іх цярпенне. Гэтым людзям патрэбная адпаведная падтрымка», — упэўнены Ліёнскі арцыбіскуп на пенсіі.
Ён дадае, што разумее людзей, якія не могуць спакойна глядзець на тое, як ксяндзы-педафілы працягваюць трымаць у руках Цела Хрыста. Кардынал лічыць, што так быць не павінна, а вінаватыя ў злачынствах павінны несці за іх належную адказнасць.
«Сваю малітву я заўсёды распачынаю з імён ахвяраў», — кажа кардынал Барбарэн, які цяпер жыве на поўначы Францыі, дзе нясе служэнне капелана ў жаночым кляштары і выкладае эклезіялогію ў духоўнай семінарыі. Папа таксама даручыў яму выкананне спецыяльнай місіі на Блізкім Усходзе.