Пошук

29.01.2018 16:35   Ілья Лапато / Catholic.by
фота Аляксандры Шчыглінскай

Біскупы Беларусі з 31 студзеня па 7 лютага наведаюць Апостальскую Сталіцу з візітам ad limina Apostolorum. У чым асаблівасці гэтага візіту і чаго чакае ад яго старшыня беларускага епіскапату?

Catholic.by задаў чатыры пытанні кіраўніку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу.

«Я не ўпершыню еду з падобным візітам, але ў той самы час я далёкі ад думкі, што да гэтага можна прызвычаіцца.

Цяпер, як і першы раз, я еду з хваляваннем, але і з упэўненасцю, што такі візіт будзе спрыяць развіццю Касцёла ў Беларусі», — сказаў арцыбіскуп.

1. Што такое «візіт Ad limina»?

Ad limina Аpostolorum — «Візіт да апостальскіх парогаў», або традыцыйны візіт біскупаў адной краіны у Апостальскі Пасад.

Згодна з прадпісаннямі Кананічнага права, Канферэнцыя Біскупаў кожнай краіны абавязана рэгулярна (як правіла, раз на пяць гадоў) наведваць Апостальскі Пасад для сустрэчы з Папам Рымскім і кіраўнікамі ватыканскіх дыкастэрый.

фота Аляксандры Шчыглінскай

Перад візітам біскупы рыхтуюць справаздачу пра становішча кожнай дыяцэзіі, запаўняючы спецыяльны апытальнік. Гэта дапамагае ўбачыць моцныя і слабыя бакі душпастырства ў кожнай з дыяцэзій.

2. У чым карысць такіх паездак для мясцовага Касцёла і для біскупаў?

Візіт Ad limina — заўсёды значная падзея як для мясцовага Касцёла, так і для кожнага біскупа і ўсяго епіскапату.

Гэта добрая магчымасць лепш пазнаёміцца са структурай Апостальскага Пасаду і яго ключавымі інстытутамі, якія могуць дапамагчы ва ўдасканальванні пастырскай дзейнасці, а таксама ў вырашэнні ўзнікаючых праблем.

Немалаважнай з’яўляецца магчымасць устанавіць асабістыя кантакты з супрацоўнікамі Апостальскага Пасаду.

3. Якія тэмы будуць закранутыя падчас сустрэчы з Папам?

Падчас сустрэчы іерархі з Беларусі спачатку праінфармуюць Святога Айца аб становішчы Касцёла ў Беларусі і асобна ў дыяцэзіях.

Затым біскупы будуць адказваць на пытанні Папы Рымскага. Беручы пад увагу той факт, што гэта першы візіт Ad limina біскупаў з Беларусі да папы Францішка, не выключана, што Пантыфіка будуць цікавіць і адносіны Касцёла з дзяржавай.

фота Віталія Палінеўскага

Са свайго боку мы будзем запрашаць Папу наведаць нашу краіну, якая чакае і не можа дачакацца візіту Святога Айца.

Таксама будзем абмяркоўваць сітуацыю, у якой знаходзіцца Касцёл у Беларусі. Мы хочам падкрэсліць, што, з аднаго боку, дзяржава паважае Каталіцкі Касцёл і высока цэніць яго шматбаковую дзейнасць: выхаванне чалавека на хрысціянскіх каштоўнасцях, клопат пра моладзь, падтрымку традыцыйнага інстытуту сям’і і Божага дару жыцця, дабрачыннасць, развіццё міжканфесійных і міжхрысціянскіх адносін і да т.п.

З іншага боку, мы сутыкаемся з шэрагам праблем.

На сустрэчах рознага ўзроўню з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады мы пастаянна паўтараем аб тым, што існуе вострая неабходнасць карэкціроўкі заканадаўства аб свабодзе веравызнання, якое не адпавядае сучасным рэаліям.

Існуе вялікая і нявырашаная праблема са служэннем замежных святароў, у якіх мы яшчэ маем патрэбу, а таксама праблема цэлебрацыі Эўхарыстыі святарамі-гасцямі, якія не могуць гэтага рабіць без папярэдняга дазволу Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

Неабходна вырашаць праблему пастырскай апекі ў школах і ВНУ, вязніцах, арміі і г.д. Складана вырашаецца праблема атрымання дазволаў на будаўніцтва новых святыняў.

Адсутнасць канкардату паміж Апостальскім Пасадам і Беларуссю з’яўляецца вялікай перашкодай у нармальнай дзейнасці Касцёла. Бюракратычныя праблемы з атрыманнем замежнай дапамогі моцна ўскладняюць дзейнасць Касцёла і дабрачыннасці. Існуюць вялікія цяжкасці ў арганізацыі дабрачыннай працы і г.д.

4. Што дасць візіт Аd limina біскупам Беларусі?

Гэта магчымасць усім разам наведаць шматлікія кангрэгацыі і Папскія рады і калегіяльна абмеркаваць праблемы з мэтай пошуку шляхоў у іх вырашэнні. На сёння прадугледжана 12 сустрэч у розных ватыканскіх дыкастэрыях.

Візіт Ad limina прадугледжвае супольную цэлебрацыю ўсімі біскупамі Эўхарыстыі ў чатырох Вялікіх базыліках: св. Пятра, св. Паўла, св. Яна на Латэране і святой Марыі Вялікай.

Такі візіт — таксама новая магчымасць памаліцца ў святых месцах і сустрэцца з многімі супрацоўнікамі Апостальскага Пасаду, што само сабой абагачае, бо чалавек акунаецца ў непаўторную атмасферу сталіцы хрысціянства.

Абноўлена 09.02.2018 16:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа