Пошук

01.03.2019 10:27   Паводле: Барбара Кастэллі / Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Vatican News

1 сакавіка папа Францішак прыме на аўдыенцыі прадстаўнікоў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Казахстане, а таксама каталіцкіх ардынарыяў Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана, якія цяпер знаходзяцца ў Рыме з візітам Ad Limina Apostolorum.

Як паведамляе італьянская рэдакцыя партала Vatican News, з гэтай нагоды іерархі з Казахстана ўручаць Святому Айцу ў падарунак абраз Маці Божай з нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Каралевы Супакою, што знаходзіцца ў пасёлку Азёрнае на поўначы краіны.

Постаць Багародзіцы, якая трымае на руках Дзіцятка Езуса, як быццам лунае над возерам. Яна адпускае ў ваду рыб, якія перадае Ёй Сын.

Біскуп дыяцэзіі Святой Тройцы з Алматы Хасэ Луіс Мумб’ела С’ера распавёў іспанскай рэдакцыі партала Vatican News гісторыю гэтага абраза Міласэрнай Маці.

Казахстан — месца пакутаў шматлікіх католікаў, якіх у перыяд з 1936 па 1941 гг. злачынныя савецкія ўлады масава ссылалі сюды з іншых рэспублік Савецкага Саюза, у тым ліку і з Беларусі. Тут, у стэпах Казахстана, многія з іх загінулі ад голаду і страшэнных маразоў.

Менавіта ў адну такую марозную зіму, калі тэмпература апускалася да 50 градусаў ніжэй за нуль, сасланыя прасілі заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі. Ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка 1941 г. снег растаяў і з’явілася возера. Мноства рыбы, якую ўдалося там злавіць, уратавала жыццё не толькі жыхарам пасёлка, але і іх суседзям. У наступныя гады ў возеры не заўсёды лавілася рыба, але ў сотую гадавіну аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме тут зноў здарылася штосьці падобнае.

«Мы не кажам пра цуд Багародзіцы, але ў сэрца народа жыве вера ў мацярынства Панны Марыі, якая заступаецца за сваіх дзяцей», — кажа біскуп Мумб’ела С’ера.

У сувязі з гэтым, працягвае іерарх, у 80-я гады мінулага стагоддзя вернікі пабудавалі тут касцёл у гонар Маці Божай Фацімскай, нават яшчэ не маючы святара, які з’явіўся тут толькі ў 1989 г. Кс. Томаш Пэта, які праз дзесяць гадоў стаў Мітрапалітам архідыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Астане, працягнуў будаўніцтва, што стала магчымым дапамозе аднаго дабрадзея. Менавіта ён папрасіў, каб гэтае месца было прысвечана Маці Божай Каралеве супакою, якая пазней стала Апякункаю Казахстана. Біскуп дыяцэзіі Святой Тройцы з Алматы сам замовіў абраз Багародзіцы над возерам.

«Езус сказаў св. Фаўстыне Кавальскай: „Скажы ўсім, што Мая Міласэрнасць падобная да акіяну, што не мае берагоў“, — дадае біскуп Мумб’ела С’ера. — Кавалачак гэтага акіяну — гэтая гісторыя, гэтае возера, якое нагадвае, што Божая міласэрнасць працягваецца ва ўсе часы».

Абноўлена 01.03.2019 12:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця