
22 снежня ў Ватыкане быў апублікаваны Апостальскі ліст Льва XIV Una fedeltà che genera futuro (з італьянскай мовы: «Вернасць, якая нараджае будучыню»), у якім звяртаецца ўвага на важнасць умацавання фармацыі святароў, канкрэтных праяў святарскага братэрства і адкрытасці пастыраў на супрацоўніцтва з усім Божым народам.
Дакумент прымеркаваны да 60-годдзя двух дэкрэтаў Другога Ватыканскага Сабора: Optatam totius, прысвечанага фармацыі святароў, і Presbyterorum ordinis, прысвечанага служэнню і жыццю прэзбітэраў. Папа адзначыў актуальнасць гэтых дэкрэтаў, заклікаўшы чытаць і вывучаць іх у хрысціянскіх супольнасцях, асабліва ў семінарыях і месцах падрыхтоўкі да святарскага служэння.
Святы Айцец выказаў падзяку за сведчанне і адданасць святароў, якія ў розных частках свету ахвяруюць сваім жыццём, цэлебруюць ахвяру Хрыста ў Эўхарыстыі, абвяшчаюць Божае слова, адпускаюць грахі і дзень за днём шчыра прысвячаюць сябе братам і сёстрам, служачы ім у адзінстве і клапоцячыся, асабліва пра тых, хто найбольш пакутуе і жыве ў нястачы.
Важнасць пастаяннай фармацыі
Пантыфік адзначыў важнасць няспыннай фармацыі і пастаяннага навяртання для святароў. «Кожны дзень святар павінен нібыта вяртацца да Галілейскага возера — туды, дзе Езус пытаецца ў Пятра: “Ці любіш ты Мяне?” — каб зноў адказаць “так”», — напісаў ён.
Папа заўважыў, што семінарыя павінна быць «школай пачуццяў» і выхоўваць сталых людзей з добра інтэграванымі духоўным і чалавечым вымярэннямі. Дзякуючы гэтаму святары будуць здольнымі да «праўдзівых адносін з усімі» і змогуць «прыняць абавязак цэлібату і абвяшчаць Евангелле Уваскрослага пераканаўчым чынам».
«У гэтыя апошнія дзесяцігоддзі крызіс даверу ў Касцёле, выкліканы злоўжываннямі з боку духавенства, якія напаўняюць нас сорамам і заклікаюць да пакоры, зрабіў нас яшчэ больш свядомымі адносна неадкладнай патрэбы ў цэласнай фармацыі, якая забяспечвае чалавечы рост і сталасць кандыдатаў да прэзбітэрату разам з багатым і грунтоўным духоўным жыццём», — напісаў Леў XIV.
Пантыфік заўважыў, што тэма фармацыі важная, каб адказаць на «балючую рэальнасць» пакідання святарства: гэта з’ява павінна разглядацца не толькі ў прававым ключы — яна патрабуе таксама «уважлівага і спагадлівага позірку на гісторыю гэтых братоў і мноства прычын, якія маглі прывесці іх да такога рашэння».
Індывідуалізм не спалучаецца з евангелізацыяй
Пантыфік звярнуў увагу на важнасць святарскага братэрства, на карысць якога трэба заўсёды прыкладаць намаганні, у першую чаргу перамагаючы спакусу індывідуалізму, «які кепска спалучаецца з місіянерскай і евангелізацыйнай місіяй Касцёла».
На думку Папы, святарскае братэрства прадугледжвае клопат адзін пра аднаго, адкрытасць на Божую ласку, якая вылечвае ад самалюбавання і эгацэнтрызму, давер да Пана, пераадоленне спакусы самарэферэнтнасці, якая павінна саступіць месца логіцы слухання і служэння.
Канкрэтныя выразы братэрства
Леў XIV заўважыў, што клопат пра святарскае братэрства можа выражацца, напрыклад, у спрыянні эканамічнай роўнасці паміж святарамі, якія служаць у бедных парафіях, і тымі, якія нясуць служэнне ў больш багатых супольнасцях.
«Варта таксама адзначыць, што ў многіх краінах і дыяцэзіях да гэтага часу не гарантуецца неабходная абарона на выпадак хваробы і старасці. Узаемны клопат, асабліва аб самых адзінокіх і ізаляваных братах, а таксама аб хворых і пажылых, не можа лічыцца менш важным, чым клопат пра даручаны нам народ»,
— напісаў Папа.
Магчымыя формы сумеснага жыцця
Пантыфік заўважыў, што ў многіх кантэкстах — асабліва на Захадзе — святары ўсё больш падвержаныя пагрозе самотнасці, якая «гасіць апостальскі запал і можа прыводзіць да засяроджанасці на саміх сябе». У сувязі з гэтым ён заклікаў спрыяць «магчымым формам сумеснага жыцця», каб святары маглі дапамагаць адзін аднаму развівацца духоўна і інтэлектуальна, больш плённа супрацоўнічаць і пазбягаць небяспек адзіноты.
Адкрытасць на супрацоўніцтва
«У час вялікай уразлівасці ўсе святары пакліканы жыць у адзінстве, вяртаючыся да таго, што з’яўляецца самым галоўным, і становячыся блізкімі да людзей, каб захоўваць надзею, якая набывае аблічча ў пакорным і канкрэтным служэнні»,
— адзначыў Пантыфік, звяртаючы ўвагу на важнасць супрацоўніцтва паміж святарамі і пастаяннымі дыяканамі, з’яднанымі той самай любоўю да Евангелля і ўвагай да самых бедных. Гэта, па словах Святога Айца, будзе яскравым сведчаннем адзінства.
Пераадоленне «эксклюзіўнага лідарства»
Пантыфік адзначыў важнасць сінадальнасці, для развіцця якой неабходна пераадоленне мадэлі «эксклюзіўнага лідарства», згодна з якой усе душпастырскія абавязкі бяруць на сябе святары, і адкрыццё на больш калегіяльнае вымярэнне, якое прадугледжвае «супрацоўніцтва паміж прэзбітэрамі, дыяканамі і ўсім Божым народам, у тым узаемным узбагачэнні, якое з’яўляецца плёнам разнастайнасці харызматаў, выкліканых Святым Духам».
Знайсці гармонію паміж сузіраннем і дзеяннем
Леў XIV адзначыў, што святарскае пакліканне спаўняецца ў радасці служэння братам. Ён заклікаў пазбягаць пагоні за эфектыўнасцю, засяроджанай на саміх сябе, бо евангелізацыя не вымяраецца колькасцю рэалізаваных праектаў і не ацэньваецца паводле колькасці аказаных паслуг. З іншага боку, непрымальным з’яўляецца таксама падыход, пазначаны бяздзеяннем. Па словах Папы, неабходна знайсці гармонію паміж сузіраннем і дзейнасцю.
«Поўнае дарэнне сябе, у любым выпадку, не можа і не павінна азначаць адмову ад малітвы, вучобы і святарскага братэрства; наадварот, яно становіцца гарызонтам, у якім усё ахоплена ў той меры, у якой скіравана да Пана Езуса, памерлага і ўваскрослага дзеля збаўлення свету»,
— напісаў Святы Айцец.
Ствараць асяродкі для раскрыцця пакліканняў
Напрыканцы Апостальскага ліста Папа заклікаў спрыяць з’яўленню ў мясцовых Касцёлах асяроддзяў і форм душпастырства, прасякнутых Евангеллем, у якіх могуць раскрывацца і саспяваць пакліканні да поўнага дару сябе.






