
27 ліпеня 2025 года ў Каталіцкім Касцёле адзначацца V Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей. Святы Айцец Леў XIV у сваім пасланні на гэты дзень піша, «калі праўда, што слабасць пажылых патрабуе сілы маладых, то праўда і тое, што недасведчанасць маладых патрабуе сведчання пажылых, каб мудра планаваць будучыню. Колькі разоў нашы бабулі і дзядулі былі для нас прыкладам веры і пабожнасці, чалавечых цнотаў і сацыяльнай адданасці, памяці і трываласці ў выпрабаваннях!»
Пантыфік заахвочвае ўсіх, каб асабліва ў пажылым узросце, захоўваць давер да Пана. «Дазволім, каб нас штодня аднаўляла сустрэча з Ім — у малітве і ў святой Імшы. Працягнем з любоўю перадаваць веру, якой мы жылі столькі гадоў, у сваіх сем'ях і ў штодзённых сустрэчах. Няхай жа мы няспынна будзем праслаўляць Бога за Яго дабрыню, клапаціцца пра еднасць з нашымі блізкімі, адкрываць сэрцы тым, хто далёка, і асабліва тым, хто жыве ў патрэбе. Так мы будзем знакамі надзеі ў любым узросце».
З нагоды пятай гадавіны ўстанаўлення Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі прапануе беларускі тэкст паслання Папы, які магчыма выкарыстаць у літургіі падчас святкавання гэтага дня ў касцёльных супольнасцях.
Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў
і афіцыйных дакументаў Касцёла