Пошук

16.06.2026 19:00   Кс. Аляксандр Амяльчэня / Vatican News BY

Леў XIV абнародаваў пасланне на VI Сусветны дзень дзядуль і бабуль, заклікаўшы пераадолець адзіноту старэйшага пакалення і вярнуць у грамадства міжчалавечую блізкасць.

У Ватыкане 15 чэрвеня было апублікавана пасланне Святога Айца на VI Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей, які будзе адзначацца ў Касцёле 26 ліпеня.

Леў XIV заснаваў свой зварот на словах прарока Ісаі: «Я не забуду пра цябе» (Іс 49,15). Гэтыя Божыя словы, паводле Папы, прыносяць суцяшэнне ўсім, хто сутыкаецца з балючым пачуццём пакінутасці. На жаль, менавіта старэйшыя людзі часта пакутуюць ад адзіноты ў сваіх дамах або ў месцах догляду. Божая любоў становіцца адказам на безаблічнасць, у якой рызыкуе згубіцца чалавечае жыццё.

Папа падкрэсліў, што Касцёл пакліканы быць маці для кожнага чалавека ў любым узросце. Ён заклікаў моладзь аднавіць прыгожую звычку наведваць сваіх дзядуль, бабуль і самотных пажылых людзей. Праз сваю прысутнасць маладыя людзі могуць перадаць старэйшым блізкасць і цеплыню.

У пасланні Леў XIV нагадаў словы з сваёй энцыклікі Magnifica humanitas: «Лічбавая культура памнажае сувязі, аднак чалавечае сэрца захоўвае неад’емную патрэбу ў блізкасці». Касцёл добра ведае пра прадузятасць, з якой часта глядзяць на старэйшых, лічачы іх цяжарам у эканоміцы прыбытку.

У пажылым узросце, паводле Папы, ніколі не позна аднавіць духоўнае жыццё. Спасылаючыся на свайго папярэдніка, благаслаўлёнага Яна Паўла I, Леў XIV нагадаў, што Бог любіць нас нязгаснай любоўю і з’яўляецца адначасова бацькам і маці. Са слоў Папы Францішка, старэйшае пакаленне з’яўляецца «новым народам», паколькі колькасць пажылых людзей зараз гістарычна высокая.

Леў XIV заклікаў пажылых людзей не баяцца крохкасці, якая нясе ў сабе новы патэнцыял. Прынятая слабасць, як адзначыў Папа, «адкрывае сэрца для ўзаемнай падтрымкі».

У цяперашні час, глыбока паранены ваенным і сацыяльным насіллем, Пантыфік заклікаў пажылых людзей да трывалай малітвы аб міры ва ўсім свеце. Ён заахвоціў старэйшых стаць на шлях прымірэння, які супрацьстаіць ганарыстасці і сіле. Леў XIV выказаў шчырую ўдзячнасць дзядулям і бабулям за іх штодзённую малітоўную падтрымку, асабліва праз святы Ружанец.

Пасланне завяршаецца пажаданнем, каб Бог заўсёды абнаўляў пажылых вернікаў у веры, надзеі і любові.

«Ён ніколі не забываецца пра нас!»

падсумаваў Святы Айцец.

Абноўлена 16.06.2026 19:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.