Пошук

10.09.2026 18:46   Марыя Валодзіна / Giada Aquilino / Vatican News / Catholic.by

Фота: www.vaticannews.va

Касцёл, для якога кожнае чалавечае жыццё — гэта дар Божы, з асаблівай занепакоенасцю ставіцца да пажылых людзей, чые кагнітыўныя здольнасці слабеюць. Менавіта гэтая тэма абмяркоўвалася падчас 63-й чарговай сесіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэневе.

9 верасня ў рамках 63-й чарговай сесіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэневе адбыўся інтэрактыўны дыялог па сітуацыі з правамі пажылых людзей з кагнітыўнымі парушэннямі. У ім прыняў удзел арцыбіскуп Этарэ Балестрэра, Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе.

Прадстаўнік Святога Пасада звярнуў увагу на сур'ёзную рызыку таго, што людзі з парушэннямі кагнітыўных здольнасцяў усё часцей становяцца аб'ектамі рашэнняў іншых людзей. Ён падкрэсліў, што фундаментальная годнасць кожнага чалавека не набываецца, не заслужваецца і не патрабуе абгрунтавання здольнасцямі.

Спасылаючыся на энцыкліку папы Льва XIV «Magnifica humanitas», арцыбіскуп Баллестрэра нагадаў, што асоба не вызначаецца сваёй свядомасцю, сваім розумам ці сваімі здольнасцямі. Гэтыя якасці могуць аслабнуць або нават знікнуць, аднак чалавечая годнасць не знікае разам з імі.

Прызнанне гэтай годнасці адбываецца, перш за ўсё, у сям'і і грамадстве, дзе кожнага чалавека слухаюць і падтрымліваюць.

«У такім асяроддзі пажылыя людзі з кагнітыўнымі парушэннямі не ўспрымаюцца як цяжар, ад якога трэба пазбавіцца, а наадварот, лічацца каштоўнымі членамі грамадства»,

адзначыў арцыбіскуп Балестрэра.

Фота: www.vaticannews.va

Годнасць чалавека дадзеная Богам. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы дадаў, што наша слабасць і залежнасць ад іншых не адмаўляюць гэтай годнасці, хутчэй, з'яўляюцца праяўленнем чалавечага стану. Спасылаючыся на словы Льва XIV, арцыбіскуп Балестрэра падкрэсліў: мера чалавечнасці вызначаецца не тым, чаго чалавек здольны дасягнуць, але яго здольнасцю дазваляць любіць сябе і, калі неабходна, прымаць дапамогу.

Пажылыя людзі з кагнітыўнымі парушэннямі захоўваюць свае правы і ажыццяўляюць іх, у тым ліку пры падтрымцы іншых людзей, сям’і і супольнасці. Адказам павінна быць не замена волі чалавека рашэннямі іншых, а дыялог, разуменне і суправаджэнне. Як падкрэсліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы, такі падыход дазваляе пажылым людзям заставацца «актыўнымі членамі грамадства, здольнымі не толькі атрымліваць падтрымку, але і ўносіць свой уклад у жыццё супольнасці».

Апостальская Сталіца надае асаблівую ўвагу пытанням чалавечай годнасці, бо мэта Касцёла — выхоўваць у вернікаў павагу і міласэрнасць да бліжняга. Хрыстус у Евангеллі паводле Мацвея кажа: «Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Гэтыя словы нагадваюць, што любоў да Бога неаддзельная ад апекі над тымі, хто слабейшы і патрабуе спачування. Менавіта такая любоў павінна стаць сэнсам хрысціянскага жыцця. Тым больш важна гэта сёння, калі чалавецтва часта засяроджанае на ўласных інтарэсах і абыякавае да праблем тых, хто жыве побач.

Клопат жа пра пажылых людзей, які дазваляе ім нават пры пэўных абмежаваннях не адчуваць сябе непаўнавартаснымі, застаецца нашым абавязкам перад Богам і чалавекам.

Абноўлена 10.09.2026 19:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа