![](/3/images/news/2022/09/2022-09-19-logo_giubileo2025UA.jpg)
«Праз некалькі месяцаў пасля заканчэння конкурсу на вызначэнне лагатыпа ўзнікла неабходнасць падумаць над афіцыйным гімнам Юбілею 2025 года», — гаворыцца ў паведамленні Святога Пасаду.
Як перадае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, арганізатары падзеі абвясцілі міжнародны конкурс на стварэнне музычнай кампазіцыі, якая «павінна выражаць самабытнасць юбілейнага мерапрыемства». Натхненнем да стварэння музыкі для кампазітараў з усяго свету стане дэвіз Юбілею, зацверджаны Папам Францішкам: «Пілігрымы надзеі». Тэкст гімна на італьянскай мове ўжо існуе: яго напісаў П’еранджэло Сэкуэры.
Ёсць умова для канкурсантаў: музыка павінна мець выразны літургічны характар, з магчымасцю выканання касцёльнымі калектывамі падчас набажэнстваў.
Удзел у конкурсе бясплатны і адкрыты для ўсіх. З тэкстам і рэгламентам можна пазнаёміцца на афіцыйнай старонцы Юбілею. Музыку можна будзе прадставіць з 16 студзеня 2023 года. Апошні тэрмін падачы заяўкі — 25 сакавіка 2023 года. Рашэнне па вызначэнні гімну Юбілею 2025 года прыме журы, якое будзе прызначана пазней.
Раней праводзіўся конкурс на лагатып Святога года. Яго выйграў 50-гадовы італьянскі графік Джакамо Травізані. На ім — чатыры рознакаляровыя фігуры, якія з’яўляюцца сімвалам народаў з чатырох бакоў свету, што ідуць сярод хваль і трымаюцца за крыж-якар.