Чатыры рознакаляровыя фігуры — сімвал народаў з чатырох бакоў свету, якія ідуць сярод хваль і трымаюцца за крыж-якар, — гэта лагатып Юбілею 2025 года, што пройдзе пад дэвізам Пілігрымы надзеі.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, аўтарам лагатыпа, абранага на міжнародным конкурсе, з’яўляецца 50-гадовы італьянскі графік Джакамо Травізані.
«У пошуку спосабу мастацкага адлюстравання надзеі — галоўнай тэмы юбілейных святкаванняў — адразу падумалася пра сімвал крыжа, — прызнаўся аўтар лагатыпу.
«Я ўяўляў Папу, сучаснага Пятра, які вядзе Божы народ да агульнай мэты, абдымаючы крыж, які становіцца якарам, моцным арыенцірам для чалавецтва; і мы, людзі, хапаемся адно за аднаго і яго, і такім чынам трымаемся за гэты якар, сімвалічна згадваючы пілігрымаў усіх часоў», — патлумачыў аўтар.
Ён дадаў, што рознакаляровыя фігуры сімвалізуюць не толькі пілігрымаў з усяго свету, але і каштоўнасці і асаблівасці, якія ствараюць надзею: «чырвоны — гэта любоў, дзеянне і абмен; жоўты, аранжавы — гэта колер чалавечага цяпла; зялёны выклікае спакой і раўнавагу; сіні — колер бяспекі і абароны».
«Лагатып дэманструе, што шлях пілігрыма з’яўляецца не індывідуальнай, а супольнай справай, якая адзначаецца ростам дынамізму і ўсё большым і большым імкненнем да Крыжа. Крыж — не статычны, а дынамічны, ён схіляецца да чалавецтва, нібы хоча сустрэцца з ім, не пакінуць яго, дае ўпэўненасць прысутнасці і ўпэўненасць надзеі», — гаворыцца ў афіцыйным апісанні.