Пошук

04.08.2022 07:07   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Getty Images

Апостальскі ліст Папы Францішка Desiderio desideravi аб літургічнай фармацыі Божага народа, абнародаваны 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, перакладзены на беларускую мову Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і даступны на партале Catholic.by.

Як адзначалася, у гэтым папскім дакуменце сабраны і пераасэнсаваны прапановы Пленарнай асамблеі Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, якая праходзіла з 12 па 15 лютага 2019 года. У ім Святы Айцец спасылаецца на ліст, адрасаваны біскупам з нагоды выдання motu proprio Traditionis custodes. Яго галоўная мэта — «працягваць пастаянны пошук касцёльнай камуніі» вакол адзінага выразу lex orandi — закона малітвы — рымскага абраду, адлюстраванага ў кнігах літургічнай рэформы Другога Ватыканскага Сабора.

«Фармат новага апостальскага ліста — не інструкцыя ці даведнік: гэта, хутчэй, тэкст для разважання з яркім біблейскім, патрыстычным і літургічным адбіткам, які прапануе разуменне прыгажосці праўды літургічнай цэлебрацыі. Ад яе паходзіць і ўмацоўваецца супольнасць, сфармаваная ў братэрскай любові, якая з’яўляецца першым і найбольш дзейсным сведчаннем Евангелля», — гаворыцца ў паведамленні Дыкастэрыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

«Цэлебрацыя, якая не евангелізуе, не з’яўляецца аўтэнтычнай, гэтак жа як і абвяшчэнне, якое не вядзе да сустрэчы з Уваскрослым падчас цэлебрацыі, не з’яўляецца аўтэнтычным. І тое, і другое, без сведчання любові, падобнае да звонкай медзі або гулкіх цымбалаў (пар. 1 Кар 13, 1)», — напісаў Папа Францішак у сваім дакуменце.

Некалькі разоў Святы Айцец сцвярджае, што не прэтэндуе на вычарпальны разгляд закранутых пытанняў; тым не менш, ён прапануе шмат ідэй адносна тэалагічнага сэнсу літургіі, неабходнасці сур’ёзнай і жыццёвай літургічнай фармацыі ўсяго народа Божага, фармавання пачуцця ars celebrandi — мастацтва цэлебрацыі, — якое датычыцца не толькі тых, хто ўзначальвае літургію.

У тэксце гучыць перасцярога ад падводных камянёў індывідуалізму і суб’ектывізму, а таксама ад абстрактнага спірытызму: мы пакліканы аднавіць фундаментальную для літургіі здольнасць да дзеяння і разумення сімвалаў.

«Пакінем спрэчкі, каб разам прыслухацца да таго, што Дух кажа Касцёлу, будзем берагчы еднасць, працягнем здзіўляцца прыгажосці Літургіі», — заклікаў Папа Францішак у апостальскім лісце Desiderio desideravi.

 

Абноўлена 04.08.2022 07:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця