Пошук

04.07.2022 11:01   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Getty Images

29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, быў абнародаваны апостальскі ліст Desiderio desideravi аб літургічнай фармацыі народа Божага.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у папскім дакуменце сабраны і пераасэнсаваны прапановы Пленарнай асамблеі Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, якая праходзіла з 12 па 15 лютага 2019 года. Ён спасылаецца на ліст, адрасаваны біскупам з нагоды выдання motu proprio Traditionis custodes. Яго галоўная мэта — «працягваць пастаянны пошук касцёльнай камуніі» вакол адзінага выразу lex orandi — закона малітвы — рымскага абраду, адлюстраванага ў кнігах літургічнай рэформы Другога Ватыканскага Сабора.

«Фармат новага апостальскага ліста — не інструкцыя ці даведнік: гэта, хутчэй, тэкст для разважання з яркім біблейскім, патрыстычным і літургічным адбіткам, які прапануе разуменне прыгажосці праўды літургічнай цэлебрацыі. Ад яе паходзіць і ўмацоўваецца супольнасць, сфармаваная ў братэрскай любові, якая з’яўляецца першым і найбольш дзейсным сведчаннем Евангелля», — гаворыцца ў паведамленні Дыкастэрыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

«Цэлебрацыя, якая не евангелізуе, не з’яўляецца аўтэнтычнай, як і прапаведаванне, якое не вядзе да сустрэчы з Уваскрослым падчас цэлебрацыі: і адно, і другое без сведчання любові — „як медзь звонкая або гулкія цымбалы“ (1 Кар 13, 1)», — напісаў Папа Францішак у сваім дакуменце.

Некалькі разоў Святы Айцец сцвярджае, што не прэтэндуе на вычарпальны разгляд закранутых пытанняў; тым не менш, ён прапануе шмат ідэй адносна тэалагічнага сэнсу літургіі, неабходнасці сур’ёзнай і жыццёвай літургічнай фармацыі ўсяго народа Божага, фармавання пачуцця ars celebrandi — мастацтва цэлебрацыі, — якое датычыцца не толькі тых, хто ўзначальвае літургію.

У тэксце гучыць перасцярога ад падводных камянёў індывідуалізму і суб’ектывізму, а таксама ад абстрактнага спірытызму: мы пакліканы аднавіць фундаментальную для літургіі здольнасць да дзеяння і разумення сімвалаў.

«Давайце пакінем палеміку, каб слухаць разам, што Дух кажа Касцёлу; давайце берагчы камунію, працягваць захапляцца прыгажосцю Літургіі», — заклікаў Папа Францішак у апостальскім лісце Desiderio desideravi.

Каментуючы гэты дакумент, праграмны дырэктар СМІ Святога Пасаду Андрэа Тарньеллі адзначыў, што ў цэнтры новага апостальскага ліста Папы — жаданне, каб увесь народ Божы, пачынаючы з цэлебрантаў, нанава адкрыў прыгажосць літургіі.

На яго думку, Папа Францішак выказваў жаданне публікацыі такога роду дакумента яшчэ ў 2005 годзе, калі — яшчэ як арцыбіскуп Буэнас-Айрэса — казаў падчас пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі Божага культу аб патрэбе «вяртання захаплення таямніцай». Кардынал Бэргольё заахвоціў тады да публікацыі дакумента, які не стаў бы ні юрыдычным, ні дысцыплінарным трактатам, ні наборам норм і правіл, ані спісам літургічных злоўжыванняў. Паводле яго, існавала патрэба ў тэксце, вытрыманым у «душпастырскім і духоўным, нават медытацыйным тоне».

У Desiderio desideravi гэтае жаданне пэўным чынам рэалізуецца. Тут Пантыфік суправаджае нас на шляху, што вядзе да сэрца літургічнай цэлебрацыі, якая адначасова з’яўляецца «вяршыняй, да якой імкнецца дзеянне Касцёла» і «крыніцай, з якой выцякае ўся яго энергія», — патлумачыў Тарньеллі, адзначыўшы, што ў новым папскім дакуменце неаднаразова цытуецца Рамано Гуардзіні, тэолаг-літургіст і кандыдат да кананізацыі.

«Кожны абзац новага дакумента Папы Францішка прасякнуты ўсведамленнем таго, што літургія — гэта вызваленне месца для Іншага», — заўважыў ватыканіст.

Гаворачы пра перакананне Святога Айца, што ўдзел у літургіі — гэта самая дасканалая сустрэча з Езусам, Тарньеллі нагадвае яго перасцярогі, каб у ёй не перамагаў «нарцысічны протаганізм цэлебранта, відовішчнасць, суровая скаванасць або неахайнасць і трывіялізацыя».

Літургія, якая з’яўляецца «крыніцай і вяршыняй», не можа стаць полем бітвы, дзе спрабуюць навязаць бачанне Касцёла, якая не ўключае таго, што было сінадальна ўзгоднена Другім Ватыканскім Саборам, — напісаў ватыканскі эксперт, каментуючы новы апостальскі ліст Папы Францішка, прысвечаны літургіі.

Абноўлена 04.07.2022 11:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа