Пошук

17.05.2025 18:12   Тэкст: Аляксандр Панчанка / Беларуская рэдакцыя Vatican News / Catholic.by
Фота ілюстрацыйнае

Святая Імша на пачатак пантыфікату Папы Льва XIV адбудзецца ў нядзелю, 18 мая, на Плошчы Святога Пятра.

Як падае Беларуская рэдакцыя Vatican News, з эўхарыстычнай цэлебрацыі Леў XIV афіцыйна распачне сваё служэнне як наступнік святога Пятра і пастыр Каталіцкага Касцёла. Літургія ўключае ў сябе розныя абрады, якія маюць важнае сімвалічнае значэнне.

Перад Імшой Пантыфік разам з Патрыярхамі Усходніх Цэркваў спусціцца да магілы святога Пятра, якая знаходзіцца пад галоўным алтаром і велічным балдахінам ватыканскай базілікі. Пасля кароткай малітвы Папа здзейсніць акаджэнне магілы. Гэты абрад, як патлумачыла Служба папскіх літургічных цэлебрацый,

«падкрэслівае блізкую сувязь Біскупа Рыма з апосталам Пятром і яго мучаніцтвам, збіраючы Божы народ у такі ўрачысты дзень у тым жа месцы, дзе ён крывёй вызнаў сваю веру разам з многімі іншымі хрысціянамі, якія далі такое самае сведчанне».Пасля гэтага два дыяканы возьмуць пастырскі палій, Пярсцёнак Рыбака і Евангелле і накіруюцца ў працэсіі да алтара, устаноўленага перад Базілікай Святога Пятра, дзе адбудзецца ўрачыстая цэлебрацыя. Падчас працэсіі, да якой далучыцца Папа, будзе спявацца Laudes Regiae — літанійны спеў з просьбамі аб заступніцтве святых.

Святая Імша будзе праходзіць на лацінскай мове. На яе пачатку Святы Айцец благаславіць ваду і здзейсніць акрапленне ёй вернікаў. Потым прагучыць спеў Gloria і імшальная малітва Калекта са згадкай пра задуму Нябеснага Айца пабудаваць Касцёл на Пятры.

Літургічныя чытанні прагучаць на розных мовах. Першае — з кнігі Дзеяў Апосталаў – на іспанскай, другое — з Першага паслання святога апостала Пятра — на англійскай, а ўрывак з Евангелля паводле святога Яна, у якім Езус тройчы спытаўся ў Пятра: «Ці любіш ты Мяне?» і тройчы атрымаўшы станоўчы адказ, сказаў яму: «Пасі авечак Маіх» — будзе прачытаны на лацінскай і грэчаскай мовах. Гэта падкрэслівае асаблівую місію Папы і Біскупа Рыма — умацоўваць католікаў ва ўсім свеце ў веры.

Пасля абвяшчэння Евангелля да Пантыфіка падыдуць тры кардыналы трох ступеняў дыяканаў, прэзбітэраў і біскупаў з розных кантынентаў: першы ўскладзе на яго палій, другі памоліцца аб Божай дапамозе, а трэці ўручыць Пярсцёнак Рыбака. Палій гэта элемент літургічнага адзення, зроблены з авечай воўны ў выглядзе белай вузкай стужкі, упрыгожанай чорнымі крыжамі і канцамі, што звісаюць спераду і ззаду. Палій апранаецца на плечы і нагадвае пра Добрага Пастыра, які бярэ на свае плечы загубленую авечку, а таксама пра пастырскае заданне, якое Езус усклаў на Пятра. Пярсцёнак Рыбака гэта сімвал біскупскай улады. Звычайна ён вырабляецца з золата або з пазалочанага срэбра. На пярсцёнку змешчана выява Чоўна святога Пятра і імя Папы. Назва гэтага атрыбута нагадвае, што апостал Пётр быў рыбаком, які стаў лаўцом людзей. У старажытнасці пярсцёнак таксама выкарыстоўваўся як пячатка для папскіх дакументаў.

Пасля ўручэння Льву XIV папскіх сімвалаў прагучыць малітва да Духа Святога з просьбай адарыць новага Пантыфіка моцай і пакорай для захавання вучняў Хрыста ў адзінстве. Пасля таго як Леў XIV благаславіць удзельнікаў літургіі кнігай Евангелля, адбудзецца сімвалічны абрад складання паслухмянасці, які выканаюць дванаццаць прадстаўнікоў розных катэгорый Божага народа з усяго свету. Затым Святы Айцец прамовіць гамілію. Малітва вернікаў будзе чытацца на партугальскай, французскай, арабскай, кітайскай і польскай мовах.

Злева ад алтара размесцяцца кардыналы, біскупы і дэлегаты розных хрысціянскіх Цэркваў. Справа — каля 200 дэлегацый краін, у тым ліку кіраўнікі дзяржаў, урадаў і манархі. Пантыфік асабіста прывітае ўсе афіцыйныя дэлегацыі пасля святой Імшы ўнутры Базілікі Святога Пятра.

На цэнтральнай браме ватыканскай базылікі будзе вывешаны габелен з выявай дыялогу Езуса і Пятра з евангельскага ўрыўка пра цудоўную лоўлю рыбы. Палатно з’яўляецца рэпрадукцыяй арыгінальнага габелена з Ватыканскіх музеяў, выкананага фламандскімі майстрамі для Сіксцінскай капэлы паводле эскіза Рафаэля. Каля алтара будзе размешчана ікона Маці Божай Добрай Парады з марыйнага санктуарыя ў Джэнацана, які Леў XIV адведаў у першыя дні свайго пантыфікату.

Абноўлена 17.05.2025 18:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця