Пошук

24.02.2022 14:04   Vatican.va
Фота: Vatican Media

24 лютага было абнародавана Пасланне Папы Францішка на Вялікі пост, у якім Святы Айцец піша, што «гэта спрыяльны час для асабістага і супольнага аднаўлення, які вядзе нас да Пасхі смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста».

ПАСЛАННЕ СВЯТОГА АЙЦА ФРАНЦІШКА
на Вялікі пост 2022 года

«Не спыняймася рабіць дабро, бо ў свой час і жаць будзем, калі не аслабнем. Дык вось, пакуль дадзены час, будзем рабіць дабро ўсім» (Гал 6, 9–10a).

Дарагія браты і сёстры,

Вялікі пост — гэта спрыяльны час для асабістага і супольнага аднаўлення, што вядзе нас да Пасхі смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Падчас велікапоснага шляху 2022 года нам будзе карысна паразважаць над заахвочваннем святога Паўла, скіраваным галатам: «Не спыняймася рабіць дабро, бо ў свой час і жаць будзем, калі не аслабнем. Дык вось, пакуль дадзены час (καιρός), будзем рабіць дабро ўсім» (Гал 6, 9–10a).

1. СЯЎБА І ЖНІВО

У гэтым урыўку Апостал выкарыстоўвае вобраз сяўбы і жніва, такі блізкі Езусу (пар. Мц 13). Святы Павел кажа нам пра καιρός — спрыяльны час для таго, каб сеяць дабро, маючы на ўвазе жніво. Што значыць для нас гэты спрыяльны час? Дакладна гэта Вялікі пост, але гэта таксама ўсё зямное існаванне, вобразам якога ў пэўным сэнсе з’яўляецца Вялікі пост1. У нашым жыцці занадта часта пераважаюць прагнасць і ганарыстасць, жаданне мець, назапашваць і спажываць, як паказана на прыкладзе неразумнага чалавека з евангельскай прыпавесці, які лічыў сваё жыццё бяспечным і шчаслівым дзякуючы вялікаму ўраджаю, сабранаму ў ягоныя засекі (пар. Лк 12, 16–21). Вялікі пост запрашае нас да навяртання, да перамены мыслення такім чынам, каб у жыцці была праўда і прыгажосць не столькі ў тым, каб мець, колькі ў тым, каб даваць; не столькі ў тым, каб назапашваць, колькі ў тым, каб сеяць дабро і дзяліцца.

Першы земляроб — гэта сам Бог, які са шчодрасцю «надалей сее зерне дабра ў чалавецтве» (Энц. Fratelli tutti, 54). Падчас Вялікага посту мы пакліканы адказаць на дар Бога, прымаючы Яго слова «жывое і дзейснае» (Гбр 4, 12). Стараннае слуханне Божага слова дапамагае ўзрастаць гатоўнасці да паслухмянасці Яго дзеянню (пар. Як 1, 21), што робіць нашае жыццё плённым. Калі ўжо гэта нас радуе, яшчэ большым з’яўляецца пакліканне быць «супрацоўнікамі Божымі» (1 Кар 3, 9), добра выкарыстоўваючы цяперашні час (пар. Эф 5, 16) для таго, каб і мы сеялі, робячы дабро. Гэты заклік сеяць дабро павінен успрымацца не як цяжар, але як ласка, праз якую Стварыцель жадае, каб мы актыўна далучыліся да Яго плённай велікадушнасці.

А жніво? Ці ж гэта не сяўба з думкаю пра збор ураджаю? Дакладна так. Шчыльная сувязь паміж сяўбою і жнівом падкрэсліваў усё той жа святы Павел, які сцвярджае: «Хто сее скупа, той скупа і пажне, а хто сее шчодра, той шчодра і пажне» (2 Кар 9, 6). Але пра якое жніво ідзе гаворка? Першы плод пасеянага дабра праяўляецца ў нас саміх і ў нашых штодзённых адносінах, нават у самых маленькіх жэстах дабрыні. У Богу ніводзін з учынкаў любові, няхай сабе і невялікі, і ніводная «ахвярная стома» не будуць страчаны (пар. Ап. адг. Evangelii gaudium, 279). Як дрэва пазнаецца па пладах (пар. Мц 7, 16. 20), так і жыццё, напоўненае добрымі справамі, ззяе святлом (пар. Мц 5, 14–16) і нясе Хрыстовы водар у свет (пар. 2 Кар 2, 15). У служэнні Богу, вольным ад грахоў, спеюць плады асвячэння для збаўлення ўсіх (пар. Рым 6, 22).

У рэальнасці нам дадзена бачыць толькі невялікую частку пладоў таго, што мы сеем, бо, паводле евангельскага выслоўя, «адзін сее, а другі жне» (Ян 4, 37). Менавіта сеячы дзеля дабра іншых, мы ўдзельнічаем у велікадушнасці Бога: «Высакародна ўскладаць надзею на схаваную сілу пасеянага дабра, інакш кажучы, пачынаць працэсы, плён якіх збяруць іншыя» (Энц. Fratelli tutti, 196). Здольнасць сеяць дабро для іншых вызваляе нас ад вузкай логікі асабістай выгоды і надае нашай дзейнасці глыбокі подых бескарыслівасці, уключаючы нас у цудоўны далягляд добразычлівых планаў Бога.

Божае слова яшчэ больш пашырае і ўздымае наш позірк: яно нам абвяшчае, што найбольш сапраўднае жніво — эсхаталагічнае жніво апошняга дня, дня без змяркання. Канчатковы плод нашага жыцця і нашай дзейнасці — «плён для жыцця вечнага» (Ян 4, 36), які будзе нашым «скарбам у нябёсах» (Лк 12, 33; 18, 22). Сам Езус звяртаецца да вобразу насення, якое памірае ў глебе і дае плён, каб перадаць таямніцу сваёй смерці і ўваскрасення (пар. Ян 12, 24); а святы Павел падхоплівае яго, кажучы пра ўваскрашэнне нашага цела: «Сеецца ў тленні, паўстае ў нятленнасці. Сеецца ў пагардзе, паўстае ў славе. Сеецца ў слабасці, паўстае ў моцы. Сеецца цела зямное, паўстае цела духоўнае (1 Кар 15, 42–44). Гэтая надзея — вялікае святло, якое ўваскрослы Хрыстус нясе ў свет: «Калі мы спадзяемся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей. Але Хрыстус уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі» (1 Кар 15, 19–20), каб тыя, хто з Ім вельмі блізка з’яднаны ў любові «падабенствам смерці Ягонай» (Рым 6, 5), былі таксама з’яднаныя з Яго ўваскрасеннем да вечнага жыцця (пар. Ян 5, 29): «Тады праведнікі заззяюць, як сонца, у Валадарстве іх Айца» (Мц 13, 43).\

2. «НЕ СПЫНЯЙМАСЯ РАБІЦЬ ДАБРО»

Уваскрсенне Хрыста ажыўляе зямныя спадзяванні «вялікай надзеяй» на вечнае жыццё і ўжо ў цяперашні час дае зародак збаўлення (пар. БЭНЭДЫКТ XVI, Энц. Spe salvi, 3; 7). Перад абліччам горкага расчаравання ў шматлікіх разбітых марах, перад абліччам заклапочанасці выклікамі, якія пагражаюць, перад абліччам знеахвочання з-за беднасці нашых сродкаў з’яўляецца спакуса закрыцца ва ўласным індывідуалістычным эгаізме і ўцячы ў абыякавасць да цярпенняў іншых людзей. Насамрэч, нават найлепшыя рэсурсы абмежаваныя: «І юнакі стамляюцца і знясільваюцца, і маладыя, блукаючы, спатыкаюцца» (Іс 40, 30). Але Бог «дае стомленаму сілу, Ён умацоўвае знямоглага. <…> Тыя, хто спадзяецца на Пана, адновяць сілы, расправяць крылы, як арлы, пабягуць і не стомяцца, пойдуць і не знясіляцца» (Іс 40, 29.31). Вялікі пост заклікае нас зноў ускласці нашу веру і нашу надзею на Пана (пар. 1 П 1, 21), бо толькі з позіркам, скіраваным на Езуса Хрыста ўваскрослага (пар. Гбр 12, 2), мы можам прыняць заклік Апостала «Не спыняймася рабіць дабро» (Гал 6, 9).

Не спыняймася маліцца. Езус вучыў, што трэба «заўсёды маліцца і не падаць духам» (Лк 18, 1). Мы маем патрэбу ў малітве, таму што маем патрэбу ў Богу. Самадастатковасць — гэта небяспечныя ілюзія. Калі пандэмія прымусіла нас уласнаручна дакрануцца да нашай асабістай і грамадскай крохкасці, гэты Вялікі пост дазваляе нам адчуць умацаванне веры ў Бога, без якой мы не можам мець стабільнасці (пар. Іс 7, 9). Ніхто не збаўляецца ў адзіночку, бо ўсе мы ў адным чаўне сярод бураў гісторыі2; але перадусім ніхто не збаўляецца без Бога, бо толькі пасхальная таямніца Езуса Хрыста дае перамогу над цёмнымі водамі смерці. Вера не вызваляе нас ад турботаў жыцця, але дазваляе пераадолець іх у еднасці з Богам у Хрысце, з вялікай надзеяй, што не расчароўвае, задатак якой — любоў, вылітая Богам у сэрцы нашыя праз Духа Святога (пар. Рым 5, 1–5).

Не спыняймася выкараняць зло з нашага жыцця. Цялеснае ўстрыманне, да якога заклікае нас Вялікі пост, няхай умацуе наш дух на змаганне супраць граху. Не спыняймася прасіць прабачэння ў сакрамэнце пакаяння і паяднання, памятаючы пра тое, што Бог ніколі не спыняецца прабачаць3. Не спыняймася змагацца з пажадлівасцю, гэтай слабасцю, якая штурхае да эгаізму і да ўсялякага зла, знаходзячы на працягу стагоддзяў розныя шляхі для таго, каб увесці чалавека ў грэх (пар. Энц. Fratelli tutti, 166). Адзін з гэтых шляхоў — рызыка залежнасці ад электронных сродкаў камунікацыі, што збядняе чалавечыя адносіны. Вялікі пост — гэта спрыяльны час для таго, каб супрацьстаяць гэтым подступам і, наадварот, развіваць больш інтэгральную міжчалавечую камунікацыю (пар. тамсама, 43), створаную з «сапраўдных сустрэч» (тамсама, 50), тварам да твару.

Не спыняймася рабіць дабро ў дзейснай любові да бліжняга. На працягу гэтага Вялікага посту будзем практыкаваць міласціну, даючы з радасцю (пар. 2 Кар 9, 7). Бог, які «дае сейбіту насенне і хлеб на спажытак» (2 Кар 9, 10) забяспечвае кожнага з нас не толькі для таго, каб мы мелі, што спажываць, але і для таго, каб мы маглі быць шчодрымі, робячы дабро іншым. Калі праўда тое, што ўсё нашае жыццё — гэта час сеяць дабро, асаблівым чынам выкарыстаем гэты Вялікі пост, каб паклапаціцца пра таго, хто побач, каб стаць блізкімі да тых братоў і сясцёр, якія паранены на дарозе жыцця (пар. Лк 10, 25–37). Вялікі пост — спрыяльны час для таго, каб шукаць, а не пазбягаць таго, хто ў патрэбе; каб клікаць, а не ігнараваць таго, хто жадае быць выслуханым і пачуць добрае слова; каб наведваць, а не пакідаць таго, хто пакутуе ад самотнасці. Ажыццявім на практыцы заклік рабіць дабро ўсім, прысвячаючы свой час на тое, каб любіць найменшых і самых безабаронных, пакінутых і пагарджаных, каго дыскрымінуюць і адкідаюць на ўзбочча грамадства (пар. Энц. Fratelli tutti, 193).

3. «У СВОЙ ЧАС І ЖАЦЬ БУДЗЕМ, КАЛІ НЕ АСЛАБНЕМ»

Вялікі пост штогод нагадвае нам, што «нельга дасягнуць дабра, а таксама любові, справядлівасці і салідарнасці раз і назаўсёды; трэба здабываць іх кожны дзень» (тамсама, 11). Таму просім у Бога цярплівай трываласці земляроба (пар. Як 5, 7), каб не аслабнуць у здзяйсненні добрых спраў, крок за крокам. Калі хто падае, няхай працягне руку да Айца, які заўсёды нас падымае. Калі хто згубіўся, падмануты спакусамі злога, няхай не адкладае вяртання да Яго, які «шчодры на прабачэнне» (Іс 55, 7). У гэты час навяртання, знаходзячы падтрымку ў Божай ласцы і ў камуніі Касцёла, не спыняймася сеяць дабро. Пост падрыхтоўвае глебу, малітва палівае, міласэрнасць запладняе. Мы маем упэўненасць у веры, што «ў свой час і жаць будзем, калі не аслабнем», і што з дарам цярплівасці атрымаем абяцаныя даброты (пар. Гбр 10, 36) для збаўлення нашага і іншых людзей (пар. 1 Цім 4, 16). Практыкуючы братнюю любоў да ўсіх, мы яднаемся ў Хрысце, які аддаў сваё жыццё за нас (пар. 2 Кар 5, 14–15), і маем прадсмак радасці Нябеснага Валадарства, калі Бог будзе «ўсё ва ўсім» (1 Кар 15, 28).

Панна Марыя, з улоння якой выйшаў Збаўца, і якая захоўвала ўсе гэтыя справы, «разважаючы ў сэрцы сваім» (Лк 2, 19), няхай здабудзе для нас дар цярплівасці і будзе побач з намі са сваёй матчынай прысутнасцю, каб гэты час навяртання прынёс плады вечнага збаўлення.

Рым, у святога Яна на Латэране, 11 лістапада 2021 года, ва ўспамін святога Марціна, біскупа.

[Францішак]

1Пар. СВ. АЎГУСТЫН, Serm. 243, 9,8; 270, 3; En. in Ps. 110, 1.
2Пар. Momento straordinario di preghiera in tempo di epidemia (27 сакавіка 2020 г.).
3Пар. Анёл Панскі ад 17 сакавіка 2013 г.

Абноўлена 24.02.2022 14:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.