Пошук

23.09.2021 11:15   Паводле: Vatican News
Фота: CNS / Paul Haring

Пілігрымкай малітвы, пілігрымкай да каранёў і пілігрымкай надзеі назваў Папа Францішак сваё Апостальскае падарожжа ў Венгрыю і Славакію, якое здзейсніў 12–15 верасня.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец падзяліўся думкамі пра свой візіт у гэтыя сярэднееўрапейскія краіны падчас агульнай аўдыенцыі, якая 22 верасня прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI. Пантыфік нагадаў, што першым этапам яго падарожжа быў Будапешт, дзе ён цэлебраваў святую Імшу на заканчэнне Міжнароднага Эўхарыстычнага кангрэсу.

«Святы Божы народ у дзень Пана сабраўся вакол таямніцы Эўхарыстыі, з якой пастаянна нараджаецца і абнаўляецца. Ён знаходзіўся ў абдымках крыжа, змешчанага над алтаром, які паказвавае той самы напрамак, што і Эўхарыстыя, гэта значыць шлях пакорнай і бескарыслівай любові, любові шчодрай і паважлівай да ўсіх, шлях веры, якая ачышчае ад марнасці і вядзе да таго, што важнае», — сказаў Папа.

Ён падкрэсліў, што яго малітоўная пілігрымка ў сэрца Еўропы пачалася з адарацыі ў Венгрыі, а завяршылася сустрэчай з народнай пабожнасцю ў Славакіі.

«Менавіта да гэтага ў першую чаргу пакліканы Божы народ: адараваць, маліцца, ісці, пілігрымаваць, каяцца і адчуваць у гэтым супакой і радасць, якую дорыць Пан. Гэта мае асаблівую важнасць для еўрапейскага кантынента, дзе прысутнасць Бога аслабляецца спажывальніцтвам і „парамі“ ўніфікаванага мыслення — дзіўнай, але рэальнай рэччу, плёнам змешвання старых і новых ідэалогій», — падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што ў такім кантэксце адказ, што дапамагае аздаравіцца, нараджаецца з малітвы, сведчання і пакорнай любові, якія ён меў магчымасць убачыць падчас сустрэч з «верным народам, што пакутаваў ад атэістычнага пераследу», а таксама ў абліччах «нашых габрэйскіх братоў і сясцёр», узгадваючы Халакост, бо «няма малітвы без памяці».

Папа Францішак адзначыў, што яго падарожжа было таксама «пілігрымкай да каранёў».

«Гэта карані, што сягаюць у глыбіню ажно да IX стагоддзя, да евангелізацыйнай дзейнасці святых братоў Кірыла і Мятода, якія суправаджалі гэтае падарожжа сваёй пастаяннай прысутнасцю. Я адчуў сілу гэтых каранёў падчас цэлебрацыі Боскай літургіі ў візантыйскім абрадзе ў Прэшаве ў свята Узвышэння Святога Крыжа. У спевах я адчуў біццё сэрца гэтага святога вернага народа, загартаванага шматлікімі пакутамі, знесенымі за веру», — сказаў Святы Айцец.

Ён заклікаў захоўваць карані жывымі, а не як «музейныя экспанаты»; не ідэалагізаваць і не інструменталізаваць іх дзеля прэстыжу, улады і ўмацавання «закрытай тоеснасці». «Гэта значыла б здрадзіць ім і зрабіць іх бясплённымі! Кірыл і Мятод не з’яўляюцца для нас постацямі, пра якіх трэба толькі памятаць, але прыкладамі, якія трэба наследаваць; настаўнікамі, у якіх заўсёды трэба вучыцца духу і метаду евангелізацыі, а таксама грамадзянскай адказнасці — падчас гэтага падарожжа ў сэрца Еўропы я часта думаў пра айцоў Еўрапейскага Саюза. Карані, калі разумеюцца і перажываюцца ў такім духу, з’яўляюцца гарантыяй будучыні: з іх прарастаюць моцныя галіны надзеі», — сцвердзіў Пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа заўважыў, што яго падарожжа было таксама «пілігрымкай надзеі».

«Я бачыў вялікую надзею ў вачах моладзі падчас незабыўнай сустрэчы на стадыёне ў Кошыцах. Асабліва падчас пандэміі гэты святочны момант стаў моцным знакам надзеі, які напоўніў адвагай, у тым ліку дзякуючы прысутнасці шматлікіх маладых пар з дзецьмі», — сказаў Пантыфік, нагадваючы таксама пра моцнае і прарочае сведчанне благаслаўлёнай Анны Калесаравай, славацкай дзяўчыны, якая коштам уласнага жыцця абараніла сваю годнасць ад гвалту. «Гэта сведчанне, на жаль, як ніколі актуальнае, бо насілле над жанчынамі — гэта адкрытая рана паўсюль», — дадаў Святы Айцец.

Ён распавёў, што бачыў моцную надзею ў вачах людзей, якія маўкліва клапоцяцца пра бліжніх, асабліва падчас візіту ў дабрачынны цэнтр у Браціславе, дзе законніцы з кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Любові дапамагаюць бяздомным, і падчас сустрэчы з цыганскай супольнасцю і людзьмі, якія яе падтрымліваюць.

«Дарагія браты і сёстры, гэтая евангельская надзея спаўняецца, становіцца канкрэтнай толькі калі злучана з іншым словам: разам. У Будапешце і Славакіі мы былі разам з прадстаўнікамі іншых абрадаў Каталіцкага Касцёла, разам з братамі і сёстрамі іншых хрысціянскіх канфесій, разам з братамі габрэямі, разам з вернікамі іншых рэлігій, разам з самымі слабымі.

Вось шлях, таму што будучыня стане будучыняй надзеі, калі будзе сумеснай», — сказаў Пантыфік.

Папа Францішак падзякаваў усім, хто прычыніўся да арганізацыі яго падарожжа ў Венгрыю і Славакію і папрасіў маліцца, «каб насенне, пасеянае падчас яго, прынесла добры плён».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця