У нядзелю 12 верасня Святы Айцец здзейсніў аднадзённы візіт у сталіцу Венгрыі Будапешт, дзе цэлебраваў урачыстую святую Імшу на заканчэнне 52-а Эўхарыстычнага кангрэсу і правёў шэраг сустрэч.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пасля кароткай цырымоніі прывітання Папа скіраваўся ў Музей выяўленчых мастацтваў, дзе адбылася яго сустрэча з Прэзідэнтам Венгрыі Янашам Адарам і Прэм’ер-міністрам Віктарам Орбанам. Там жа Пантыфік сустрэўся з венгерскімі біскупамі і з прадстаўнікамі мясцовай Экуменічнай рады і габрэйскіх супольнасцяў.
Кульмінацыяй візіту стала святая Імша на заканчэнне 52-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу, цэлебрацыю якой Папа ўзначаліў на сталічнай Плошчы герояў.
«„А вы кім лічыце Мяне?“ — Гэтае пытанне Езуса скіравана да кожнага з нас», — падкрэсліў Святы Айцец у прамоўленай гаміліі. Ён дадаў, што на гэтае пытанне трэба адказаць жыццём, што дазволіць абнавіцца як вучням. Гэтае абнаўленне павінна закрануць абвяшчэнне Езуса, распазнанне разам з Езусам і пілігрымаванне за Езусам.
У абвяшчэнні Езуса недастаткова прызнаваць Хрыста Месіяй. Трэба сведчыць, што шлях да ўваскрасення праходзіць праз «прыніжэнне крыжа», што мы наследуем не магутнага Месію, а ўкрыжаванага слугу. «Эўхарыстыя нагадвае нам пра тое, кім з’яўляецца Бог», паказваючы Яго як «паламаны Хлеб, як укрыжаваную і падараваную любоў», — нагадаў Пантыфік.
Папа Францішак заклікаў адкрыцца на логіку Езуса і «ачысціць нашу рэлігійнасць», не адкладаючы крыж у далёкі кут нашага сэрца.
«Нам будзе карысна пабыць на адарацыі перад Эўхарыстыяй, каб сузіраць слабасць Бога. Прысвецім час адарацыі. Дазволім Езусу, жывому Хлебу, аздаравіць нас ад закрытасці і адкрыць для дзялення; ацаліць нас ад закамянеласці і засяроджанасці на саміх сябе; вызваліць нас ад няволі абароны нашага вобразу, якая паралізуе, натхніць нас ісці за Ім туды, куды Ён хоча прывесці нас», — дадаў Святы Айцец.
Папа падкрэсліў, што ісці за Езусам значыць ісці па жыцці з Яго ўпэўненасцю ў тым, што мы з’яўляемся ўмілаванымі дзецьмі Бога. «Гэта значыць ісці шляхам Настаўніка, які прыйшоў, каб служыць, а не для таго, каб Яму служылі. Гэта значыць кожны дзень выходзіць насустрач брату. Эўхарыстыя падштурхоўвае нас да гэтага: да адчування сябе адзіным Целам, да дзялення сабой з іншым», — сказаў Пантыфік.
«Дарагія браты і сёстры, дазволім сустрэчы з Езусам у Эўхарыстыі перамяніць нас, як гэта перамяніла вялікіх і адважных святых, якіх вы ўшаноўваеце. Я маю на ўвазе святых Стэфана і святую Альжбету.
Як яны, не будзем задавольвацца малым; не будзем задавальняцца верай, якая жыве абрадамі і паўтарэннямі, адкрыемся абуральнай навізне ўкрыжаванага і ўваскрослага Бога, паламанага Хлеба, каб даць жыццё свету. Будзем радаснымі і будзем несці радасць», — заклікаў Пантыфік.
Падчас сустрэчы з венгерскім епіскапатам Папа адзначыў, што «Венгрыя патрабуе абноўленага абвяшчэння Евангелля, новага грамадскага і рэлігійнага братэрства, надзеі, якую трэба будаваць дзень за днём, каб з радасцю глядзець у будучыню».
Нагадваючы пра драматычны пераслед Каталіцага Касцёла ў Венгрыі ў перыяд камуністычнай дыктатуры, Святы Айцец заклікаў сучасных вернікаў жыць такой самай любоўю і сведчаннем, як і іх папярэднікі, злучаючы захаванне мінуўшчыны з позіркам у будучыню і шукаючы новыя спосабы абвяшчэння Евангелля.
Папа заўважыў, што чакае ад біскупаў не пошуку прывелеяў і карысці, але гарачай любові да Евангелля. Біскупы павінны быць сведкамі і весстунамі Добрай навіны, носьбітамі радасці, з бацькоўскім сэрцам трываючы побач са святарамі і кансэкраванымі асобамі, практыкуючы мастацтва слухання.
«Не бойцеся даваць месца Божаму слову і заахвочваць вернікаў: яны будуць каналамі, праз якія рака веры наводніць Венгрыю», — сказаў Папа Францішак.
Ён заклікаў пастыраў быць сведкамі братэрства, будаваць масты, быць адкрытымі ў тым ліку для тых, хто прыходзіць звонку. Біскупы павінны несці надзею, дапамагаць людзям з даверам глядзець у будучыню, станавіцца свабоднымі і адказнымі абаронцамі жыцця, што разумеецца як дар ласкі, які належыць прыняць, а не праблема, якую трэба вырашыць, — перакананы Святы Айцец.
Каля 15.00 Папа Францішак вылецеў у сталіцу Славакіі Браціславу.