Пошук

10.09.2021 11:09   Паводле: КАІ / Catholic.by
Фота: Magyar Kurír

На 52-м Міжнародным Эўхарыстычным кангрэсе, які ў гэтыя дні праходзіць у Будапешце, было паведамлена, што наступны кангрэс адбудзецца ў 2024 годзе ў Эквадоры.

«Пройдзем шлях ад Будапешта да Кіта, жывучы рэвалюцыяй любові.

А ў 2024 годзе чакаем вас у Carita de Dios [ісп. Аблічча Бога], як называюць наш горад», — сказаў Мітрапаліт Кіта арцыбіскуп Альфрэдо Хасэ Эспіноса Матэўс, які 9 верасня ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы на Эўхарыстычным кангрэсе ў Будапешце.

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у прамоўленай гаміліі эквадорскі іерарх падкрэсліў, што Эўхарыстыя павінна ператвараць усіх вернікаў у «носьбітаў Божай любові», якая будзе перамяняць іх саміх і тых, да каго яны пасланыя.

«Няма нічога большага і больш плённага за любоў. Яна надае годнасць кожнаму з нас. Выберам жа любоў, будзем жа адказваць любоўю на зло і знявагі <…> Давайце скіруемся адсюль, з Будапешта, на ўвесь свет, каб здзейсніць у ім рэвалюцыю, перамяняць яго любоўю», — заахвоціў арцыбіскуп Эспіноса Матэўс удзельнікаў Эўхарыстычнага кангрэсу.

Ён дадаў, што 53-і Эўхарыстычны кангрэс, які ў 2024 годзе пройдзе ў сталіцы Эквадора, засяродзіцца на тэме Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якому прысвечана ўся гэтая паўднёваамерыканская краіна.

Менавіта ў 2024 годзе там будзе адзначацца 150-я гадавіна прысвячэння.

На знак непарыўнасці шляху паміж паасобнымі Эўхарыстычнымі кангрэсамі, на заканчэнне святой Імшы эквадорскі іерарх падараваў Прымасу Венгрыі кардыналу Петэру Эрдзё фігуру Маці Божай з Кіта, даручаючы заступніцтву Багародзіцы справу Эўхарыстычных кангрэсаў.

Абноўлена 10.09.2021 11:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця