Пошук

06.09.2021 13:43   Фота: Infostart / MTI / Catholic.by

5 верасня святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Старшыня Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы кардынал Анджэло Баньяска, у Будапешце распачаўся 52-і міжнародны Эўхарыстычны кангрэc.

Мерапрыемства планавалася правесці ў сталіцы Венгрыі ў 2020 годзе, аднак Кангрэс быў перанесены на год у сувязі з пандэміяй каранавірусу.

Падчас Імшы на распачацце Эўхарыстычнага кангрэсу больш за 1200 дзяцей прынялі Першую святую Камунію.

У кароткім прывітальным слове на пачатку цэлебрацыі Прымас Венгрыі кардынал Петэр Эрдзё нагадаў, што Эўхарыстыя з’яўляецца крыніцай сіл і жыцця для хрысціянаў.

«Няхай Пан Бог дазволіць нам адчуць у гэтыя дні, што Хрыстус з намі ў Эўхарыстыі! Што Ён не пакідае ў самоце Касцёл, народы, чалавецтва. Усе нашыя сілы і надзеі паходзяць ад Яго. Эўхарыстыя — гэта крыніца, якая падтрымлівае нашае хрысціянскае жыццё, нашу місію», — падкрэсліў венгерскі кардынал.

У сваю чаргу кардынал Анджэло Баньяско ў прамоўленым Божым слове звярнуў увагу на тое, што Эўхарыстыя нясе ў сабе пасланне міру і суцяшэння, такое патрэбнае сучаснаму свету, якое ў гэтыя дні з Будапешта павінна дасягнуць самых аддаленых куточкаў зямлі.

У святой Імшы на распачацце Эўхарыстычнага кангрэсу ўзялі ўдзел іерархі з розных краін, якія належаць да розных традыцый. Эўхарыстыю з кардыналам Баньяска, акрамя ўжо згаданага кардынала Эрдзё, канцэлебравалі мараніцкі Патрыярх Антыёхіі кардынал Бэшара Бутрас Раі, Старшыня Камісіі Канферэнцый Біскупаў Еўрапейскага Саюза (COMECE) арцыбіскуп Жан-Клод Ольрыш, Старшыня Папскага камітэта міжнародных Эўхарыстычных кангрэсаў арцыбіскуп П’еро Марыні, а таксама кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Першавярхоўны арцыбіскуп Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук. На Імшы прысутнічаў старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Рускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліт Іларыён Алфееў.

Чакаецца, што заключную святую Імшу Эўхарыстычнага кангрэса 12 верасня будзе цэлебраваць на плошчы Герояў у Будапешце Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця