Пошук

01.10.2017 01:00   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

30 верасня на заканчэнне асамблеі Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы кардынал Анджэло Баньяска ўзначаліў святую Імшу ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) у Мінску.

Старшыня РКБЕ назваў штогадовую сустрэчу Рады «ласкай для нас і для нашых Касцёлаў, калі пасля вяртання мы пастараемся данесці да нашых сабратоў тое, што тут выявілася і што ў больш шырокай перспектыве дапаможа ў душпастырскай дзейнасці ўсім».

«Місія, уласцівая РКБЕ, з цягам гадоў вымалёўваецца ўсё лепш, і чым большымі становяцца культурныя, пастырскія і сацыяльныя выклікі, тым больш узрастае пакорная неабходнасць у органе, які, адкінуўшы прыватныя інтарэсы, імкнецца спрыяць дабру ўсяго кантынента», — падкрэсліў кардынал Баньяска.

Звяртаючыся да біскупаў Еўропы, кардынал заклікаў: «Нам неабходна быць з Панам Богам, ісці за Ім праз пустыні, якія Ён рыхтуе для кожнага з нас; нам неабходна стаць, як Майсей, перад палаючым кустом, каб не даць туману ахінуць наш розум, каб нашым сэрцам не даць астынуць і каб не пайсці шукаць суцяшэння ў ілюзорных агнях свету. Нам неабходна разам з нашымі святарамі сагравацца полымем малітвы і блізіх адносінаў з Тым, хто паклікаў нас па імені».

Кардынал Баньяска, каментуючы ў гаміліі ўрывак Евангелля з Імшы, адзначыў, што Настаўнік у размове са сваімі вучнямі пра сваю мучаніцкую смерць «кажа пра гэтае балючае прароцтва незвычайным чынам: “Укладзіце сабе ў вушы словы гэтыя”».

«Моцны і непрыгожы выраз: ён дае зразумець, што тое, што Ён скажа, будзе жорсткім і непрыемным. Ён не хоча напалохаць апосталаў, але хоча адкрыць ім праўду: праўду, што не вяжацца з логікай гэтага свету, які гоніцца за поспехам і знешнім эфектам. Гэта праўда, што ўваходзіць глыбей пад паверхню асабістых, касцёльных і грамадскіх гісторый, каб дасягнуць ядра вечнасці, што асвятляе кожную падзею», — дадаў старшыня РКБЕ.

«Крыж — хвалебны, таму што ён — дрэва жыцця, але ён застаецца крыжам, адзіным мастом паміж зямлёю і небам. Так ёсць для вучняў, для нас, пастыраў, для нашай місіі, для Касцёла: таксама і ён павінен прайсці гэты шлях, па якім ягоны Абраннік ідзе перад ім», — заключыў кардынал Анджэло Баньяска.

На завяршэнне Імшы іерарх асвяціў алтар, у якім змешчаны эскіз абраза, што будзе знаходзіцца тут у будучыні.

Перад благаслаўленнем Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што форум біскупаў Еўропы, які афіцыйна завяршыўся гэтай Імшой, з'яўляецца дарам і адказнасцю, а адначасова вялікім выпрабаваннем, бо перад Касцёлам стаіць заданне рэалізаваць накрэсленыя пастырскія кірункі ў асяроддзі моладзі і ў Еўропе. Заключны дакумент пасяджэння, як дадаў іерарх, будзе перададзены ў сакратарыят Сіноду Біскупаў, які збярэцца ў 2018 г. і будзе прысвечаны тэме моладзі.

Кардынал Анджэло Баньяска выказаў удзячнасць беларускім іерархам за гасцінны прыём, адзначыўшы, што Касцёл у Беларусі можа стаць для іншых краін Еўропы прыкладам вернасці Хрысту, нягледзячы на выпрабаванні.

Абноўлена 01.10.2017 15:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа